Некалькі слоў пра сябе
Нарадзіўся я 9(22) сакавіка 1911 года ў глухім мястэчку Хоцімску. Ранняе дзяцінства прайшло недалёка ад Жлобіна, у Асцерманску, дзе бацька працаваў акцызным кантралёрам на вінакурным заводзе. Добра помню я і вёску Забалацце пад Рагачовам. Жыла наша сям'я там у 1916—1917 гг. Бацька быў у той час ваеннаслужачым, загадваў «гуртом порционного скота», а я разам з забалацкімі сялянскімі хлапчукамі лазіў у вялікі сад мясцовай памешчыцы. Гэтая адзінокая старая жанчына была вельмі скупой, яна дрыжала над кожнай паданкай і ганялася за намі з тоўстай чорнай качарэжкай.
Пасля аж да 1927 года мы жылі ў Рагачове, зялёным гарадку, які раскінуўся на «рагу» між Дняпром і Друццю. Мяне цягнуў да сябе Дняпро, і плаваць я, відаць, навучыўся раней, чым чытаць. Калі мне было год сем альбо восем, я надумаўся пераплысці Дняпро. Для гэтага выбраў месца, дзе не купаліся, каб ніхто, разумееце, не бачыў, як я буду тапіцца, калі не хопіць сілы даплысці. Каля «таго боку» мяне раптам падхапіла быстра, і я, шапочучы словы вядомай мне малітвы «Отча наш», ледзь-ледзь даплыў да мэты і зусім знясілены ўпаў на прыбярэжны пясок. Гэта адзіны выпадак у маім жыцці, калі я паклікаў на дапамогу бога. Больш з ім я ніякіх спраў не меў.
Цікавіцца літаратурай я пачаў рана. Гэтаму, відаць, спрыяў мой бацька. Спецыяльнасць яго — ён быў інспектарам па вінакурэнню — не мела, здаецца, нічога агульнага з мастацтвам, але бацька вельмі любіў літаратуру, асабліва рускіх класікаў. Дома ў нас былі свае ўласныя Пушкін, Талстой, Чэхаў, Ляскоў і нават «Кабзар» Шаўчэнкі і народныя апавяданні Марка Ваўчка на ўкраінскай мове. Чэхава бацька любіў бязмежна.
— Чэхаў так глыбока разумее чалавечае жыццё,— часта паўтараў бацька,— што, напэўна, ён не чалавек, а бог, якога я і ў нагу пацалаваў бы з асалодай, зняў бы пантоплю і пацалаваў.
У Рагачове я падружыў з Шурам Сінічкіным — будучым паэтам Алесем Жаўруком. Мы вучыліся ў адным класе, разам выдавалі гумарыстычную газету «Смех і слёзы», разам выступалі на самадзейнай сцэне: паказвалі фокусы, чыталі і спявалі свае ўласныя гумарыстычныя куплеты і антырэлігійныя частушкі. Называлі мы сябе піянер-сатырыкамі Кіка і Кока.
Скончыў я сярэднюю школу ў Бабруйску. Там жа, у «Вясне» — літаратурным дадатку да акруговай газеты «Камуніст» — у 1927 годзе надрукаваў свой першы верш. Пісаў я па-руску і па-беларуску. У Бабруйску тады працавала даволі вялікая група пачынаючых пісьменнікаў: Хвядос Шынклер, Рыгор Суніца, Цімох Крысько (Васіль Вiтка), Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч, Яўхім Кохан. Міхась Лынькоў, які быў тады рэдактарам «Камуніста», па-бацькоўску клапаціўся аб кожным з нас і стараўся кожны больш-менш прыстойны верш альбо апавяданне «ціскануць» у «Вясне».
Пасля заканчэння сярэдняй школы я не ведаў, што рабіць. Мне хацелася стаць інжынерам, каб працаваць на вялікіх будоўлях пяцігодкі, вабілі мяне і мовазнаўства, і літаратура, і, нарэшце, хацелася паехаць на Волгу альбо на Днепрабуд, каб працаваць там звычайным рабочым. Пакуль выспела канчатковае рашэнне, я паспеў папрацаваць чорнарабочым на цагельні, сартыроўшчыкам лесу на прыстані, памочнікам жывёлавода ў саўгасе, электраманцёрам на дрэваапрацоўчым камбінаце. Па камандзіроўцы газеты «Известия» я летам 1931 г. разам з армянскімі паэтамі Н. Зар'янам, Т. Гур'янам, азербайджанскім празаікам М. Ібрагімавым і яўрэйскім паэтам А. Юдэльсонам пабываў у якасці карэспандэнта на будаўніцтве Харкаўскага трактарнага завода, у шахтах Данбаса і рудніках Крыварожжа, пабачыў Днепрабуд, заводы Макееўкі, Днепрапятроўска, Таганрога і Керчы. Толькі ў 1932 годзе я паступіў на нямецкі факультэт Маскоўскага інстытута замежных моў.
Калі я шаснаццацігадовым юнаком надрукаваў свой першы верш у акруговай газеце, то мне тады па сваёй наіўнасці здавалася, што я ўжо майстар паэтычнага слова і аб гэтым праз некалькі месяцаў будзе ведаць па меншай меры ўся Расія. Але ў 1932 годзе, калі выйшла ў свет мая першая кніжка вершаў «Эпічныя фрагменты», дарэчы прыхільна сустрэтая крытыкай, я ўжо так не думаў. За маімі плячамі тады быў некаторы жыццевы вопыт, за гэтыя гады я прачытаў нямала добрых кніг. Мае вершы мне не падабаліся. Усе яны здаваліся слабымі і бледнымі. I я амаль зусім кінуў пісаць, рашыўшы заняцца вывучэннем славянскіх моў з тым, каб пазней спецыялізавацца на гісторыі рускай мовы. Аднак ажыццявіць свой намер я не паспеў.
У 1938 годзе мяне прызвалі ў Чырвоную Армію, і я праслужыў у ёй з перарывам у некалькі месяцаў аж да вясны 1946 года. У часе Айчыннай вайны я зноў пачаў пісаць, падначальваючыся больш пачуццям, чым розуму. Першы год вайны быў я памочнікам начальніка разведаддзела штаба аднаго з паветранадзсантных карпусоў, а пасля — інструктарам армейскага палітаддзела. У арміі стаў я і членам Камуністычнай партыі. Пісаць даводзілася тады ўрыўкамі, бо вялікая нагрузка і франтавыя ўмовы не спрыялі гэтаму.
Аднак за гады вайны ў мяне назбіралася некалькі дзесяткаў вершаў. Іх я выдаў у 1946 годзе ў Мінску асобнай кніжачкай, якая называлася «Дняпроўскае рэха». Пачынаць другі раз — вельмі цяжкая справа, і кніжка гэта была слабаватай. Тады я сябе адчуваў у паэзіі, як чалавек, які пасля працяглай хваробы толькі што пакінуў ложак і зноў вучыцца хадзіць. Крытыка сустрэла гэту кніжку непрыхільна.
Праз некалькі месяцаў пасля выхаду зборніка мне давялося пабываць у Кіеве. Выпадкова я пазнаёміўся там з буйнейшым з сучасных украінскіх паэтаў Паўло Тычынай.
— Павінен вам шчыра сказаць,— звярнуўся да мяне Тычына, калі мы пазнаёміліся,— што я не толькі не чытаў вашых твораў, але нават і ваша прозвішча чую ўпершыню, таму дайце, калі ласка, мне свае вершы. Трэба ж ведаць знаёмых паэтаў не толькі па тварах, але і па творах.
На другі дзень я даведаўся, што Паўло Тычына мяркуе арганізаваць у Будынку пісьменніка вечар у мой гонар і выступіць на ім з уступным словам. Гэты вечар адбыўся. Сардэчнае ўступнае слова з характарыстыкай маіх вершаў сказаў Паўло Рыгоравіч. На вечары былі Андрэй Малышка, Любамір Дзмітэрка, Тарэнь Масэнка і многія іншыя ўкраінскія паэты. Пасля Паўло Тычына запрасіў мяне да сябе, а ўкраінская літаратурная газета змясціла допіс аб гэтым вечары.
Тады я зразумеў як след, што сапраўдны паэт — гэта перш за ўсё чалавек вялікага сэрца і душы. Праз дванаццаць год пасля гэтай сустрэчы я напісаў верш, прысвечаны Паўлу Тычыне, у якім, як мог, выказаў сваю падзяку за чалавечнасць і падтрымку. Думаю, што і крытык павінен заўсёды з вялікай чалавечнасцю ставіцца да паэта. Нярэдка ж бывае так, што сярод некалькіх слабых твораў паэта ёсць і такі, якi сведчыць аб яго нейкіх новых магчымасцях. I крытык павінен заўважаць такія творы альбо нават асобныя строфы ці радкі, каб падтрымаць паэта, а не знішчаць яго.
Не магу я не выказаць сваёй глыбокай падзякі і паэтам Мікалаю Ціханаву і Аркадзю Куляшову, якія ў адказную для майго творчага жыцця мінуту высока ацанілі ў друку маю паэму «Аповесць пра залатое дно».
Пасля 1947 года мая біяграфія робіцца біяграфіяй літаратара-прафесіянала, і ўсё тое, што было хаця б у нейкай ступені цікавым у маім жыцці, трапіла ў мае вершы і паэмы, якія выдаваліся не раз і на беларускай, і на рускай мовах.
Зрабіў я ў паэзіі вельмі і вельмі мала. А ўсім добрым, што ў мяне ёсць, я абавязаны ў першую чаргу вялікай рускай паэзіі. Творы такіх паэтаў-гігантаў, як Пушкін, Лермантаў, Някрасаў, Маякоўскі, для мяне — святыня.
З сучасных рускіх паэтаў найбольш люблю Аляксандра Твардоўскага.
Мой любімы беларускі паэт — Янка Купала. З твораў беларускіх паэтаў-сучаснікаў найбольш дарагія для мяне лепшыя творы Аркадзя Куляшова.
Для мяне паэты заўсёды дзяліліся, груба кажучы, на дзве катэгорыі. Да першай належаць тыя, творчасць якіх абумоўлена непасрэдна самім жыццём, якія нясуць у паэзію жывое народнае слова. Да другой катэгорыі належаць тыя, якія сваё натхненне чэрпаюць у асноўным з прачытаных кніг і карыстаюцца гатовай кніжнай мовай. Творы іх заўсёды напоўнены літаратурнымі рэмінісцэнцыямі. Такія паэты часта добра валодаюць формай, але калі разабрацца па сутнасці, то святло іхняе — святло не іхняе, а чужое. Канешне, і сена гадзіцца для спажывання, але свежая канюшына, у якой яшчэ захаваліся зямныя сокі і пахі, заўсёды лепш.
Вось некалькі слоў пра сябе. У заключэнне хачу сказаць, што калі б раптам здарылася так, што мне трэба было б пачынаць свой жыццёвы шлях нанава, то я, відаць, зноў дабіваўся б таго, каб паэзія стала маёй спадарожніцай.
1960 г.