Аўтабіяграфія
Нарадзіўся я 20 лістапада 1901 года ў с. Высокі Гарадзец, Сенненскага павета, Магілёўскай губерні. Мой бацька — вясковы дзяк, родам з Чавускага павета той жа губерні. Яго жыццё ўяўляе, на мой погляд, даволі цікавую і яркую (для таго часу, праўда, звычайную) карціну. Магчыма, што мой літаратурны шлях у значнай меры вызначан тым уплывам, які з дзяцінства аказаў на мяне бацька — чалавек з глыбока крытычным стаўленнем да жыцця, з вялікім запасам уражанняў і перажыванняў, з характарам, які дзіўна спалучыў у сабе шчырую цягу да людзей і разам з тым — панурасць, хваравітую падазронасць у адносінах да іх.
Ён нарадзіўся ў беднай сялянскай сям'і, дзяцінства правёў у «падпасках», а потым у пастухах, саматугам навучыўся грамаце, пасля нейкім чынам трапіў паслушнікам у манастыр, дзе амаль самастойна вывучыў тэорыю спеваў і стаў даволі вядомым у «епархіі» царкоўным рэгентам. Спевы (царкоўныя і свецкія) ён абраў сваёй прафесіяй і, наколькі дазваляў запас здабытых ім ведаў, спалучаў іх з творчасцю — саматужнай кампазіцыяй і гарманізацыяй як царкоўных, так і народных песень. Пакінуўшы манастыр, бацька некаторы час вучыў грамаце дзяцей, а пасля стаў дзякам. Ажаніўся ён у гадоў сорак на адной са сваіх пеўчых — маладой сялянскай дзяўчыне.
Маё першае дзяцінства прайшло самым звычайным парадкам і пакінула, апрача яркіх сонечных вобразаў нашай цудоўнай беларускай прыроды, яшчэ рад уражанняў, звязаных з дужа няроўным, часта бесшабашным характарам майго бацькі. Сямейныя непаразуменні чаргаваліся са службовымі «эксцэсамі». У дачыненні да свайго начальства па службе бацька вёў сябе надзвычай вольна і незалежна і за гэта меў спагнанні. Некалькі разоў яму даводзілася пакідаць сям'ю і адбываць «ссылку» ў якім-небудзь манастыры. Увогуле, «вайна» з людзьмі, ад якіх ён залежаў, прайшла яркай ніццю праз усё жыццё майго бацькі.
У дзесяць год я паступіў у Аршанскае духоўнае вучылішча. «Бурса», у якой я вучыўся шэсць гадоў (чатыры — у духоўным вучылішчы і два — у семінарыі), нягледзячы на свой суровы клерыкальны рэжым, а можа і дзякуючы яму, дала мне многа добрых і карысных урокаў. Яна прывучыла мяне да самастойнага крытычнага мыслення (вучоба і афіцыйна сухі ўплыў большасці педагогаў не маглі кіраваць напрамкам маіх дзіцячых «шуканняў»), яна развіла ў мяне інстынкт таварыскасці, імкненне да грамадскасці (агульнажыццё «бурсакоў» да апошняга часу вызначалася сваёй традыцыйнай згуртаванасцю).
Нарэшце, як гэта ні дзіўна, бурса падрыхтавала ў маёй свядомасці глебу для самага грунтоўнага атэізму, які канчаткова выспеў ва мне да 16 год. Дэталёвае паглыбленне ў таямніцы «свяшчэннага пісання» павінна было прывесці да якога-небудзь з двух супрацьлеглых вынікаў: ці да цвёрдай веры, ці да цвёрдага нявер'я. Я буду амаль дакладны, калі скажу, што 90% семінарыстаў апошніх часоў прыходзіла да другога вываду. Адны хавалі гэта, другія шапталіся ў таварыскіх гуртках, а некаторыя выключныя асобы выказвалі адкрыта свае сумненні і, вядома, звальняліся з установы.
Калі пачалася рэвалюцыя, я кінуў семінарыю і паспрабаваў знайсці сабе самастойны занятак. Мне ўдалося ўладкавацца на пасаду перапісчыка ў адну паўвайсковую часць, разам з якой я выехаў у Арлоўскую губерню і пражыў там каля паўгода, пасля чаго мяне скарацілі са службы і я вярнуўся да родных пенатаў. Наступнае маё выступленне на сцэне самастойнага жыцця было ў ролі царкоўнага вартаўніка. Трэба сказаць, што гэта роля мне не вельмі спадабалася, таму што выклікала даволі пагардлівыя, хоць і сяброўскія, адносіны да мяне з боку вакольнага насельніцтва. Царкоўны вартаўнік, як і пастух, самыя неганаровыя асобы ў вёсцы. Аднак выбіраць мне не выпадала, бо не было нічога лепшага, а трэба было жыць. Сям'я мая ў гэты час была ў вельмі благім матэрыяльным становішчы. Абавязкі свае я спаўняў акуратна і заваяваў, мне здаецца, прыхільнасць усіх багамолак прыходу тым, што добра ўдасканаліў сваё майстэрства званіць.
Гзты час не прайшоў для мяне марна, у сэнсе майго развіцця. Доўгія зімнія вечары і ночы, седзячы ў старожцы — мізэрнай чорнай кануры,— я чытаў пры святле лампадкі (газы тады не было) усялякія кнігі, якія толькі ўдавалася знайсці, пачынаючы ад цяжкай мудрагелістасці Шарля Жыда і канчаючы невядома адкуль трапіўшымі абрыўкамі твораў Пшыбышэўскага.
У лютым 1919 года я атрымаў пасаду настаўніка ў адной з вёсак Магілёўшчыны. З гэтага часу пачаўся ў маім жыцці перыяд свядомай грамадскай работы, перыяд паступовага ўрастання ў глыбіню новай савецкай грамадскасці. Праз некаторы час мяне сталі выбіраць на розныя нязначныя савецкія і прафесійныя пасады. Я быў старшынёй валаснога аб'яднання настаўнікаў, загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы і г. д. У 1920 годзе працаваў некаторы час у Магілёве ў якасці пастаяннага члена праўлення работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры (я быў прадстаўніком настаўніцтва павета, абаронцам яго інтарэсаў ад замашак «горада»). У гэтым жа годзе ўдзельнічаў у 2-м Усерасійскім з'ездзе Раб. Асв., і мяне выбралі там кандыдатам у члены ЦК Саюза, пасля чаго мабілізавалі, і я пачаў новы перыяд свайго жыцця — службу ў Чырвонай Арміі, якая прадаўжалася на працягу шасці год.
Служба ў Чырвонай Арміі адыграла, мне здаецца, рашаючую ролю ў канчатковым фармаванні маёй псіхалогіі. Бясконцыя блуканнi з месца на месца, безліч назіранняў і ўражанняў, блізкае знаёмства з дзесяткамі і сотнямі самых разнастайных чалавечых тыпаў — усё гэта ўзбагаціла мяне невычэрпным запасам матэрыялу, які я выкарыстаў пасля ў цэлым шэрагу сваiх апавяданняў. З другога боку, тая надзвычайная выразнасць сацыяльна-класавых імкненняў, якая ва ўмовах жыцця Чырвонай Арміі даходзіла да рэальна адчувальнай прастаты і канкрэтнасці, садзейнічала канчатковаму засваенню мною ідэй камуністычнай рэвалюцыі і, урэшце, зрабіла мяне камуністам.
Першае апавяданне сваё я напісаў зімой у канцы 1921 года. Мы стаялі ў той час за Полацкам у нейкай беднай глухой вёсачцы. Гэта выйшла даволі нечакана і дзіўна. Праўда, я, будучы ў школе, умеў пісаць добрыя класныя «сачыненні», але думкі стаць пісьменнікам у мяне ніколі не было. Справа пачалася з таго, што я аднойчы ўбачыў вельмі яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала мяне на працягу цэлага месяца. Мне захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і я стаў пісаць. Пісаў я доўга і вельмі старанна, абдумваючы кожную фразу, кожнае слова, закрэсліваючы, перакрэсліваючы і г. д. Працэс пісання мяне дужа хваляваў і ў той жа час падтрымліваў свежасць уражання, якое штурхнула мяне на гэту працу.
Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданне я паслаў у рэдакцыю «Савецкая Беларусь», аднак без усякай сур'ёзнай надзеі на яго надрукаванне. Я вельмі здзівіўся, калі праз некалькі меся цаў выпадкова прыехаў у Мінск і мне ў рэдакцыі прапанавалі атрымаць ганарар за гэтае апавяданне. З той пары я сур'ёзна ўзяўся за гэту справу і пачаў пасылаць адно за другім свае апавяданні ў рэдакцыю названай газеты. Яны друкаваліся ўсе без выключэння. Трэба прызнацца, што ў хуткім часе да чыстых творчых імкненняў прымяшалася і матэрыяльная зацікаўленасць. Тыя капейкі, якія я атрымліваў з рэдакцыі, былі мне амаль неабходны, бо к гэтаму часу я ажаніўся і жыў з жонкай на адным чырвонаармейскім пайку.
З самага пачатку, як я стаў пісаць наогул, я пісаў па-беларуску. Захапленне літаратурнай творчасцю было ў мяне часткай рамантычнага захаплення «беларускасцю», якое заўладала мною, захаплення ідэяй адраджэння нацыянальнай беларускай культуры. Пазней я спрабаваў пісаць і па-руску спецыяльныя, па заказу, «кааператыўныя» апавяданні для віцебскага часопіса «Вестник кооперации», але пісаў іх, прызнаюся, з выключнай мэтаю зарабіць, таму што плаціў гэты часопісік нечувана дорага ў параўнанні з беларускай газетай — дзве капейкі золатам за радок (гэта ў пачатку 1923 года).
У 1924 годзе я здаў у друк свой першы зборнік апавяданняў і прыблізна з гэтага ж часу пачаў друкавацца, апрача газеты, яшчэ ў часопісах «Полымя» і «Маладняк». Да гэтага часу выйшлі з друку чатыры зборнікі маіх апавяданняў: «У віры жыцця», «Пела вясна», «Пад сонцам», «42 дакументы», аповесць «Голы звер», і ў часопісе «Полымя» надрукаваны раман «Сцежкi-дарожкі», які цяпер друкуецца асобнай кнігай.
1928 г.
Памёр Міхась Зарэцкі 13 ліпеня 1941 года.