Галоўная Васіль Вітка Паэзія i жыццё (аўтабіяграфія)
18 | 05 | 2012

Паэзія i жыццё (аўтабіяграфія)

---:
Рейтинг:
4.3/5 rating (39 votes)
::

«Як становяцца паэтамі?»
«Калі вы адчулі, што ў вас ёсць здольнасць?»
«Як вы пісалі свой першы твор?»

...На лістках, вырваных з блакнотаў і запісных кніжачак, на шматках паперы са студэнцкіх і вучнёўскіх сшыткаў гэтыя і падобныя пытанні збіраюцца дзесяткамі ў канцы кожнага літаратурнага вечара або сустрэчы пісьменніка са сваімі чытачамі.

Не прэтэндуючы на абагульненні, я асабіста стараюся адказваць прыкладамі ўласнага жыцця, сваёй практыкі і таго вопыту, які, звычайна, ужо належыць мець кожнаму, хто пражыў на свеце палову веку.

Біяграфія і твае тэмы, асяроддзе людзей, сярод якіх рос, настаўнікі і твае перакананні, ідэалы і густы — усё глыбока звязана між сабой, хоць і не заўсёды гэтыя сувязі лёгка знайсці і прасачыць.

Паэзію, хараство жыцця, прыроды, людскіх пачуццяў мы адкрываем, яшчэ не прачытаўшы ніводнага радка вялікіх паэтаў. Заўсёднае імкненне да прыгожага жыве ў душы кожнага чалавека. Калі б не было патрэбы ў паэзіі, не было б і паэтаў.

Вяртаючыся ў памяці да тых дзён, з якіх мне належала б устанавіць пачатак сваёй творчасці, я, аднак, ніяк не магу ўспомніць, калі напісаў свой першы верш на паперы. Затое добра памятаю свае першыя паэтычныя адкрыцці і расчараванні, сваю дзіцячую бездапаможнасць перад незразумелай велічнасцю зорнага неба, невыказным хараством летняга вечара. Як і ўсе хлапчукі майго маленства, я вельмі ж хацеў хоць раз у жыцці з'ездзіць на начлег. З якім затоеным хваляваннем услухоўваўся я, калі познімі прыцемкамі на вясковую вуліцу з двароў выязджалі начлежнікі і як за вёскай заводзілі «Пад ракітаю зялёнай рускі ранены ляжаў», самую прыгожую хлапечую песню, якую я ведаў тады. У кажухах, а поверх яшчэ ў доўгіх суконных халатах начлежнікі выглядалі ваяўнічымі волатамі. Яны ехалі на ўсю ноч, каб, абсеўшы зыркае вогнішча, слухаць таемныя гукі і галасы лесу, густа зарослага лапушной папараццю... Я не мог паехаць разам з імі не таму, што мяне не пускалі бацькі. Мне не было на чым ехаць. У нас не было каня. Бясконных двароў на ўсю невялікую тады вёску Еўлічы на Случчыне толькі і было, што наш. Так паэзія, якое прагла наіўная дзіцячая душа, разбівалася аб суровасць жыццёвай несправядлівасці. Усё сваё маленства і аж да дзён юнацтва я адчуваў не толькі на бацьках, але і на сабе пыхлівую, нахабную і злую сілу тых, хто пагардліва гаварыў нам у вочы: «Бядняк, няма хлеба, еш праснак» або з павучальным дакараннем: «Як рабіцьмеце, так і мецьмеце». А як нам было рабіць, на чым? Памятаю дзедаву хату. Яе акенцы былі выпілаваны на шырыню роўна аднаго бервяна. I хоць мы жылі ў асяродку, наша хата была самай крайняй пры забалочанай лугавіне, якая грэбляй дзяліла вёсачку напал. За хатаю адразу ж пачыналіся глінішчы, ямы, з якіх людзі капалі на свой абыходак гліну. Копанкі былі такія глыбокія, што рэдка калі высыхалі. Схілістыя ж яры, што зарасталі чаборам, зязюльчыным лёнам і лугавой мятай, былі і нашай сенажаццю, і пашай. У глінішчах я пасвіў карову. I хоць яна была рыжай і дробнай, а не такой, як пярэстыя, магутныя і паважныя каровы Сямёна Пеўня, самага моцнага ў сяле кулака, я аддаваў ёй усю сваю любоў і замілаванне, як блізкай мне істоце. Памятаю, аднаго разу я нават маліўся ў царкве за яе здароўе і за будучую яе дачку. Мне вельмі ж хацелася, каб і ў нас была карова, як у Пеўня. Такое малітвы, дзе богу можна было выказаць гэтую просьбу, не было. I таму мне давялося самому стварыць яе. Гэта, відаць, і было першым выяўленнем майго натхнення. Не вызначаючыся літаратурнай формай, мая паэтычная імправізацыя мела дакладны і ясны змест. «Дай, божа, — прасіў я,— каб наша кароўка прывяла такую ж цялушачку, як Пеўнеў бугай, пярэстую і з белай лысінкай...»

Бог пачуў маю просьбу. У нашай рыжай каровы паявілася пярэстая, з белай лысінкай дачка. Не ведаючы, што на ўсю ваколіцу толькі і ёсць Пеўнеў бугай, я яшчэ болей пераканаўся калі не ў сіле ўсявышняга, то ў сіле слова напэўна. «Ён знае слова»,— таямніча гаварылі пра шаптуна, які «качаў пярэпалах» (лячыў ад перапуду). У чарадзейнае слова верылі ў той час мы ўсе. Калі нас, дзяцей, бывала, кляла наша глухая бабка за тое, што мы ў яе корабе шукалі яблык: «А каб вам, мае ўнучачкі, павыварочвала і павыкручвала гэтак ручкі, ножкі і ўсе вашы костачкі, як вы перавярнулі мой карабец...», дык у нас аж спіны халадзелі ад гэтае кляцьбы. Бабіны словы былі страшныя ў сваёй паэтычнай магутнасці. Паэзіяй майго маленства і былі гэтыя, няхай наіўныя, але жахлівыя па сваёй вобразнасці, праклёны і прычыты, плачы і галашэнні, журботныя жніўныя песні і песні-калыханкі.

Успамінаючы ўсё гэта, я думаю, што ў чалавека заўсёды будзе патрэба ў чароўнай сіле паэзіі.

Новыя вобразы цяпер жывяць яе, будзяць, хвалююць людскія сэрцы, але сапраўдным паэтам становіцца толькі той, хто адкрывае жыватворчыя скарбы народных дум і пачуццяў, у дасканаласці авалодвае незлічонымі багаццямі слова.

Мой бацька, Васіль Максімавіч, быў адным з самых пісьменных мужчын у нашай вёсцы. Некалі аж тры зімы ён хадзіў у воласць, у школу. Узяўшы сабе жонку з трохі багацейшай сям'і, ён, аднак, не разжыўся і на пасагу. Як цяпер успамінае мая маці, Мар'я Міхайлаўна, за ёй давалі жарабіцу, але бацька мой адмовіўся. Жарабіцы не было куды паставіць. У лазовым пляцянiку пры хаце яна не магла змясціцца. Пасаг у суме сто рублёў выплацілі грашыма. Можа быць, што за гэтыя грошы бацька, не маючы дома за што рук зацяць, рашыўся шукаць шчасця ў Сібіры. У 1912 годзе, калі мне споўніўся год ад роду, мы былі ўжо ў г. Омску. Тулячыся ў падсуседзях па чужых кутах, бацька карміў сям'ю тым, што, гнучы спіну на гарадскім рынку, падбіваў

і латаў просты і грубы абутак людзей, якія наўрад ці калі ішлі да болей далікатных шаўцоў. Пара майго «залатога маленства» прыпала якраз на iмперыялістычную вайну. Застаўшыся без гаспадара ў сям'і, якога забралі ў салдаты, карміць ужо нас, траіх дзяцей, вымушана была адна маці, наймаючыся на падзённыя работы. З мяне быў яшчэ слабы памочнік, хоць і даглядаў я меншых і бегаў з кацялком у казённую кухню, дзе бедным салдаткам давалі чарпак супу.

Вярнуліся мы ў родную вёску адразу ж пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прыйшоў з вайны бацька, да якога мы, дзеці, доўга ніяк не маглі прывыкнуць і ўсё жыццё называлі на «вы». А можа гэта ішло яшчэ і ад тае павагі, з якой мы заўсёды глядзелі на свайго бацьку. Нам здавалася, што ён усё ўмеў і ўсё ведаў. Рабіў ткацкія варштаты. Змайстраваў такарны станок і выточваў верацёны. Ну, а пра шавецтва і гаварыць не прыходзілася. Над нашага бацькі не было лепшага майстра. Цяпер ён шыў не адны ялавыя, а і самыя шчыгульныя хромавыя боты. I яшчэ адна спецыяльнасць была ў яго, патрэбная людзям: ён лячыў хворых. I хоць запас яго медыцынскіх ведаў абмяжоўваўся адной, адзінай кнігай, прынесенай з вайны, — «Пособие для военных фельдшеров», ён, як прызнавалі многія, ведаў, што да чаго, і нават мог лацінскімі літарамі выпісаць рэцэпт. Маю ж асаблівую пашану да бацькі выклікала тое, што ў нашай хаце, колькі я памятаю, ніколі не зводзіліся кнігі. Гэта былі не нашы ўласныя кнігі. I таму яны вабілі мяне яшчэ большай чароўнай сілай. Адкуль даставаў іх бацька? Адусюль, як толькі дачуваўся, дзе яны ёсць. Прыносіў нават з далёкіх вёсак. I калі выдаралася вольная часіна, у хаце ў нас усю ноч міргала газоўка. Пры яе сляпым святле бацька чытаў уголас. Ахвотнікі паслухаць знаходзіліся. Часта да позніх пеўняў вокам не мог звесці і я, хоць бацька думаў, што я сплю. Стуліўшыся на палку пад старым кажухом, я ледзь стрымліваў свой страх, услухоўваючыся ў доўгую, поўную жудасных прыгод гісторыю жыцця нейкага пана Твардоўскага. Памятаю, як я не вытрываў і закрычаў, калі пану паднеслі на талерцы чалавечую галаву і як яна, лыпнуўшы вачыма, раптам зарагатала.

Не дзіва, што для мяне мой бацька быў і першым літаратурным крытыкам, які каштоўнасць паэзіі правяраў праўдаю жыцця. Ужо вучачыся ў школе, я аднае раніцы доўга ўслых зубрыў верш: «Пахнет сеном над лугами... В песне душу веселя, бабы с граблями рядами ходят, сено шевеля...» Бацька ўважліва прыслухоўваўся, потым сказаў:

— Відаць, нехта з паноў склаў.

— Чаму вы гэтак думаеце?

— А памяркуй сам,— сказаў бацька.— Дзе гэта бачана, каб у гарачы дзень, калі кладуць на воз сухое сена і калі ад аваднёў, ад заедзі не адбіцца, а конь «точно вкопанный стоит». I як там яшчэ? «Уши врозь, дугою ноги и как будто стоя спит...»

Пазней, пачаўшы сам пісаць, я ніколі не забываўся, што законнае права крытыкаваць паэзію маюць усе, хто яе бачыць і адчувае ў жыцці.

Вершы я пачаў пісаць, здаецца, пайшоўшы ў другі клас школы. Не здзіўляйцеся. У тыя часы, калі ламаўся стары лад жыцця, а новы ўсталёўваўся не так лёгка, за буквар браліся хлопцы, якія ўжо ўмелі араць і касіць. Калі я кончыў трэці, апошні, клас школы, наша настаўніца, Тацяна Мікалаеўна, павяла нас, сваіх першых выпускнікоў, на экзамен у суседнюю сямігодку. Мяне i яшчэ дваіх байбусаў яна паставіла перад камісіяй трымаць за чацвёрты клас. Вытрымаў адзін я, і не таму, што быў выдатнік, а таму, што «даўно гадамі выйшаў».

У наступную зіму я ўжо сам быў за настаўніка. Вучыў дзяцей багатага хутараніна, які жыў у лесе і, не хочучы выпраўляць малых далёка ад дому, ахвотна згадзіўся трымаць мяне на сваіх харчах і яшчэ прыплаціць трохі грашыма i натураю. Праз год, зарабіўшы сабе на адзежыну, я паступіў у Слуцкую прафтэхнічную школу, якая давала спецыяльнасць слесара.

Набліжаўся час вялікага пералому ў жыцці вёскі — калектывізацыя. Першы мой верш, надрукаваны Міхасём ЦІханавічам Лыньковым у літаратурным дадатку да газеты «Камуніст», рэдактарам якой ен з'яўляўся, якраз і быў напісаны пад уражаннем бурных падзей. Узрушаны адчуваннем перамогі новага жыцця, я, памятаю, пісаў аб «радасных далях, дзе свецяць агні». Верш быў бездапаможны, невыразны па сваіх, яшчэ незразумелых і мне самому вобразах. Калі што і было ў ім, дык гэта толькі ўзнёслы настрой, якім поўнілася тады мая душа.

Грубай, нахабнай і драпежнай сіле хутаран, а ў вёсцы — цёмнай уладзе Сямёна Пеўня з яго сыраварняй і пярэстымі бугаямі прыйшоў канец. У яго вялізным доме, што ўзвышаўся над вёскай, аснавалася праўленне калгаса, старшынёй якога быў абраны мой бацька. У гэтыя гады ў роднай вёсцы я бываў не часта, бо пасля заканчэння прафшколы працаваў ужо рабочым на Бабруйскім лесакамбінаце, у той час адной з буйнейшых новабудоўляў рэспублікі, а пазней — у рэдакцыі газеты, якая падтрымала мае першыя літаратурныя спробы.

Не ставячы сабе за мэту пісаць аўтабіяграфію, я вылучаю толькі тыя моманты ў жыцці, што найбольш важныя для мяне як для пісьменніка. Шкада, што многія з іх яшчэ не знайшлі свайго ўвасаблення ў маёй творчасці.

Асабліва рупіць мне мой сыноўні доўг перад светлай памяццю бацькі, які загінуў у студзені 1943 года ў Слуцкай турме, не вытрымаўшы катаванняў фашысцкіх паслугачоў. Яны на допытах заціскалі яму дзвярыма пальцы, білі так, што горлам ішла кроў. Хто аддаў яго, ужо старога і хворага чалавека, у рукі катаў, на такую жудасную расправу? Сынок Сямёна Пеўня — Мікалай, мой аднагодак, з якім некалі мяне настаўніца вадзіла на наш першы экзамен. Тады ён праваліўся, не вытрымаў нават за трэці клас. Затое прыйшла пара, калі ён бліскуча здаў экзамен на здрадніка. У часе акупацыі ён паявіўся ў вёсцы як верны фашысцкі найміт — стараста. Гэта яго намаганнямі трагічна завяршыўся жыццёвы лёс чалавека, што з цемры і галечы падняўся да светлых вышынь новага жыцця...

З вышыні перажытага, калі аглядаешся на пройдзены шлях і падводзіш вынікі зробленаму, з крыўдным адчуваннем бачыш, колькі яшчэ глыбінь чалавечага шчасця і гора ты не раскрыў, не паказаў людзям. I калі тыя падзеі і людскія лёсы, велічныя і цудоўныя ў сваім паэтычным значэнні, што прайшлі праз тваё жыццё, не знайшлі поўнага ўвасаблення ў тваіх творах, значыць самая лепшая кніга твая яшчэ не напісана.

Кожны пісьменнік, паэт спадзяецца, верыць, што напіша такую кнігу. I ўсё жыццё рыхтуецца да гэтага свайго творчага подзвігу.

7 лістапада 1960 г.

Каментарыi:

Add comment

Security code
Refresh

Rating All.BY Каталог TUT.BY