Бяздоннае багацце
У Тураве жыў калісьці князь Яраслаў. Быў ён багаты і мудры і людзей каля сябе збіраў усё разумных ды моцных.
Неяк князь з гасцямі сваімі паехаў на ўловы біць цяцераў і дзікіх вепраў. Многа было ўжо набіта ўсялякай дзічыны, але Яраслаў, якраз калі хацеў даць загад трубіць на збор, убачыў вялізнага старога тура і пагнаўся за ім. Некалькі гартоўных княжых стрэл упілося ўжо ў цела тура, але звер з падвоенай сілай уцякаў ад лаўца. Тады князь пачаў паганяць свайго каня, каб дагнаць тура.
Раптам тур спыніўся і павярнуўся ў бок князя. Конь з разгону наскочыў на тура і зваліўся, прабіты рагамі, прыціскаючы сабою седака. Яшчэ момант, і князь паплаціўся б жыццём. Але на гэтую хвіліну падаспеў загоншчык Ранцэвіч. Ён зняў з сябе світку і накінуў яе туру на вочы ды хутка нажом ударыў звера ў самае сэрца. Тур нежывы рынуў на землю. Князь выбавіўся з-пад каня і, дзякуючы загоншчыку, сказаў, каб той прыйшоў у абоз па ўзнагароду.
Калі загоншчык прыйшоў у княжы абоз, Яраслаў паставіў перад ім скрынку з золатам і сказаў:
— Бачыш, многа тут золата, але жыццё даражэй золата, бяры, колькі хочаш.
Загоншчык быў чалавек мудры. Ён узяў кіёк, разгарнуў чырвонцы, каб кіёк упёрся ў дно скрынкі, і сказаў:
— Праўда, князю, тут многа золата, але ўсё ж такі дно можна дастаць, дык, мабыць, гэта тваё залатое багацце не вечнае, калі-небудзь прыйдзе канец яму. Дый золата больш патрэбна князю, як простаму чалавеку. Дай ты мне, княжа, гэткі дар, каб я ў ім дна знайсці не мог.
Князь задумаўся і кажа:
— Каб я сабраў усё сваё багацце, то і тады дно яму знойдзеш.
Засмяяўся загоншчык:
— Пойдзем, князь, я табе пакажу бяздоннае багацце.— I выйшаў на двор, узяў лавецкі меч і ўвесь усунуў у зямлю.— Вось тваё, княжа, багацце, у якім дна няма: яно ратару больш вартае, чым тыя чырвонцы. Грошы могуць украсці, а гэтае ніхто не ўкрадзе.
Засмяяўся князь, спадабалася яму загоншчыкава мудрасць, і ён кажа:
— Праўду гаворыш, дам табе зямлі на дзесятае пакаленне.
I, зайшоўшы ў шацёр, напісаў князь Яраслаў дарчую грамату мудраму загоншчыку Ранцэвічу на ўсю ваколіцу Вялемічы.
I дагэтуль у Мазырскім павеце, у вёсцы Вялемічы, жывуць Ранцэвічы ў вялікай пашане. У цынкавай трубцы перадаюць яны з роду ў род дарчую грамату князя Яраслава, а паказваючы яе, апавядаюць паданне пра свайго мудрага прашчура.
Comments
У вёсачцы Вяленічы сяляне
Шчэ помняць пра паданне – мудры ўрок…
Дагэтуль і Ранцэвічы ў пашане…
Нашчадкі з роду ў род перадаюць
Той скарб, што атрымаў іх продак “дарам” :
Бяздоннае багацце – родны кут
І грамату – у цынкавым футляры…
Дзям'янава Таццяна
www.lightynna Quote
Каб я сабраў бы ўсё свае багацце,
Ты б нават і тады дастаў да дна…
Дык што з табой рабіцьмо будзем, браце?”
Загоншчык засмяяўся: “Пойдзем, князь,
Сапраўднае багацце нас чакае…”
Ўзяў меч – дый усадзіў у глебу ўраз…
“Вось, княжа! Бачыш, скарбніца якая?!
У ёй нікому дна не дасягнуць.
Зямелька – вось бяздоннае багацце.
Што грошы? Атрымаеш – пакрадуць.
А кут свой будзе ў сэрцы, нібы маці.”
Здзівіўся Яраслаў (дый стала чым)
Загоншчыкавай мудрасці бясцэннай -
І дАрчую з пячаткай уручыў:
"Ранцэвічу – на дзесяць пакаленняў"… Quote
І спрытна нож яму ўсадзіў у сэрца.
Той рынуў – нежывы ўжо – на зямлю -
І князь пазбег абдымкаў лютай смерці!
Калі ж зусім прыйшоў ужо ў сябе,
Загоншчыка – Ранцэвіча – паклікаў:
“Вось – золата – за ўчынак твой – табе!” –
І збан падаў з чырвонцамі – вялікі.
Але Ранцэвіч гэткі быў мудрэц:
Кіёк узяў, праткнуў да дна збаночка –
“Як будзе дно – багаццю і канец.
Сапраўдны скарб не вымераць кіёчкам!
Дый золата – забава для князёў –
Не надта й прыжываецца ў народзе…
Дай, княжа, дар такі мне за любоў,
Каб дна я аніколі не знаходзіў!” Quote
У Тураве жыў колісь Яраслаў –
Князь мудры, справядлівы і багаты.
Аднойчы ён з гасцямі паскакаў
На ўловы – паляўнічым быў заўзятым.
Набілі шмат дзічыны дружбакі.
Ды тура Яраслаў-ваяка ўбачыў.
Пагнаўся – ды не з той устаў нагі –
Пагоня абярнулася няўдачай.
Тур бег… і раптам рэзка так звярнуў
На князя, не чакаўшага заганы,
Што конь з разгону ў тура ламануў –
І рухнуў, пратаранены рагамі.
І крупам так прыціснуў седака…
Шчэ момант – раздушыў бы яго цела…
Ды ў гэты час загоншчыка рука,
Бы цуд неспадзяваны, падаспела. Quote
RSS feed for comments to this post.