| «Свет адмовіў паэту ў каханні…» |
|
|
|
| Аўтар: Вечерний Брест |
|
«Нарадзіўся ў вёсцы Федзькавічы ў беднай сялянскай сям´і, – трохі іранічна пісаў калісьці паэт у сваёй аўтабіяграфіі ў адказ на просьбу мясцовых бібліятэкараў. – Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, але на апошнім курсе, расчараваны ў прафесіі настаўніка, кінуў яго і працаваў доўгі час на будоўлі, потым – паляводам у мясцовым саўгасе. Вершы на расейскай мове пачаў пісаць яшчэ ў школе. Друкавацца не спрабаваў, лічачы сваё захапленне паэзіяй, як пазней замежнымі мовамі – нямецкай, англійскай, італьянскай, французскай і польскай, – толькі асабістым сваім хобі. Прыкладна з 1985 года пачаў пісаць па-беларуску. Вершы друкаваліся ў зборніках «Дзень паэзіі» і ў штотыднёвіку «ЛіМ». Рыхтаваў зборнік вершаў і баек, але надрукаваць яго не паспеў: зімой 1992 года, у страшэннай галечы і без сродкаў для існавання, незразуметы, расчараваны і пакінуты ўсімі трагічна памёр і пахаваны на могілках в. Федзькавічы Жабінкаўскага раёна». Гэтае іранічнае прароцтва, на жаль, збылося поўнасцю, толькі яго аўтар памыліўся ў даце смерці, прычым усяго на год (ён памёр у 1993 годзе). «Свет адмовіў паэту ў каханні», як напісаў сам творца. Тое, што паэзія Васіля Гадулькі ўсё ж дайшла да чытача, стала заслугай яго сяброў з творчага асяроддзя. У 1992 годзе, незадоўга да смерці, Васіль Гадулька падрыхтаваў рукапіс – падборку з лепшых вершаў і баек. А яшчэ каля 100 вершаў на беларускай і рускай мовах, вянок санетаў і чатыры паэмы пакінуў у архіве, палічыўшы іх нявартымі ўвагі чытача. Зараз з гэтым архівам працуюць яго сябры. Зборнік вершаў Васіля Гадулькі «Голас» пабачыў свет у 2004 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» пры фінансавай падтрымцы грамадскасці і перш за ўсё паэта Леаніда Дайнекі. На сабраныя сябрамі сродкі быў таксама пастаўлены помнік на магіле паэта. Антаніна Хакімава |



Не ўсё страчана, калі імёнамі паэтаў называюць вуліцы. Нядаўна ў Жабінцы ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама з´явілася вуліца імя Васіля Гадулькі – паэта з незвычайным і трагічным лёсам, які нарадзіўся і амаль усё кароткае жыццё пражыў у вёсцы Федзькавічы.