18 | 05 | 2012

Аўтабiяграфiя

---:
Рейтинг:
4.4/5 rating (63 votes)
::

Нарадзіўся я 25 чэрвеня 1905 года ў невялікай, глухой беларускай весцы Пуцілкавічы, Ушацкага раёна, Віцебскай вобласці. Яркія і незабыўныя ўражанні дзяцінства. Вельмі прыгожыя мясціны вакол роднай вёскі. Неабдымны, на дзесяткі кіламетраў дрымотны сасновы бор, вузенькая, гаманлівая рачулка Ушачка, якая пятляе па лугах і агародах, невялічкае возера, каля плаціны якога таямніча гуў вадзяны млын. Усё гэта перад вачыма на ўсё жыццё.

I на ўсё жыццё запамяталіся даўгія-даўгія, вузей нават невялічкай рачулкі Ушачкі, пясчаныя шнуры сялянскай зямлі. Пакрыўленыя, пахілыя, як старыя-старыя бабулі, хаціны са стрэхамі, зарослымі зялёным мохам, і з падслепаватымі акенцамі, якія, быццам скардзячыся на свой лёс, сіротамі глядзелі на дарогу. Добра памятаю, што толькі пра кавалак хлеба і былі размовы ў вёсцы. Невялікія надзелы неўрадлівай зямлі не маглі пракарміць сялянскія сем'і, і бедната шукала пабочных заробкаў. Па начах, хаваючыся, ахвяруючы спіной, цягнулі сосны з панскага лесу, рабілі драніцы на стрэхі і прадавалі ў бліжэйшым гарадку. Хадзілі ў пошуках кавалка хлеба на цагельні ў Рыгу, на заробкі ў Пецярбург і ў іншыя гарады Расіі.

Мала было зямлі і ў майго бацькі. Дзве з паловай дзесяціны ўсяго — раллі, сенажаці і балота. Сям'я расла з году ў год. Толькі нас, дзяцей, было дзевяць.

Канешне, пракарміцца на такой зямлі было цяжка. Бацька ўмеў майстраваць сялянскія куфры і шафы. Гэтым і прырабляў на жыццё. Як цяпер памятаю, мяне вельмі радаваў час, калі дзяўчаты выходзілі замуж. Тады яны клапаціліся пра пасаг. Зразумела, што і заказаў на куфры ў бацькі было больш, а значыць, і за сталом у нас было весялей.

Дзяцінства маё было такім самым, як ва ўсіх дзяцей сялянскай беднаты. З малых год кавалак хлеба не даваўся дарма. Праца пачыналася з невялікага і павялічвалася з гадамі. Спачатку пасвіў гусей, пасля авечак, а пазней — кароў. Вадзілі коней на начлег. Нялёгка было, часамі хацелася пагуляць з аднагодкамі, а даводзілася ад цёмнага да цёмнага сачыць за статкам. Але колькі было ў гэтым і прыгажосці! Да гэтага часу памятаюцца бясконцыя сцежачкі і дарожкі на лугах і палях вакол роднай вёскі, задумлівы гоман сасновага лесу, баравыя астравы сярод бяздоння адвечных балотаў. Безліч птушыных галасоў, напевы ветру, шум калматых ялін, нават шэпт лугавых траў навечна напоўнілі сэрца.

А песні вясковых жней! Успамінаю, і здаецца, нясуцца яны, працяглыя і крыху сумныя, уздоўж вузенькіх даспелых шнуркоў, жаўтаватых на выгляд, ажно да сіняга неба, што прыкрывала вострыя вяршаліны бору на небасхіле. Памятаю — многа спявалі ў нас на вёсцы, і больш за ўсё пра гора. Дзевяць год мне было, калі пачалася першая сусветная вайна. Назаўсёды засталіся ў памяці самотныя жніўныя песні адзінокіх салдатак, на плечы якіх ляглі ўсе клопаты аб сям'і. Упершыню тады знадобілася мне грамата. Я ўжо крыху ўмеў чытаць і пісаць. Літаральна па складах пісаў пад дыктоўку непісьменных салдатак пісьмы мужыкам на фронт. Колькі адкладвалася ў іх гора! Можа быць, з таго часу я і зразумеў увесь цяжар горкага сялянскага лёсу. Тры маёнткі паноў Сушынскага, Вярэнькі і Мікульскага сціскалі нашу вёску з усіх бакоў. Ішла крывавая вайна, сяляне ляжалі ў акопах, галоднымі і абарванымі жылі іхнія сем'і, а панскія сынкі, здабыўшы белыя білеты, раскатвалі на тройках і, п'яныя, гарлапанілі разгульныя песні — для іх вайны не было.

Памятаю Лютаўскую рэвалюцыю. Гудзела сяло. Многа крычалі аб свабодзе, але і тады я сваім дзіцячым сэрцам не мог зразумець таго, якая ж гэта свабода, калі паны сядзелі ў сваіх маёнтках у палацах, а сяляне па-ранейшаму не мелі права нават карову выгнаць на панскую пашу.

Дванаццацігадовым сустрэў я Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю. Усім сэрцам адразу адчуў сапраўдную волю. Паноў, як віхурай, змяло з маёнткаў. Загуло, захвалявалася сяло. Памятаю, з якім уздымам выбіраліся першыя камбеды. З драўлянымі сажнямі хадзілі натоўпы сялян і парабкаў па панскіх палях. Дзялілі панскую зямлю.

Лягчэй стала жыць і нам. Але ўсё ж бацьку цяжка было яшчэ пракарміць вялікую сям'ю. Падумаў аб самастойным жыцці і я. У 1918 годзе, трынаццацігадовым хлапчуком, паступіў на работу ў Вяліка-Далецкі валасны ваенны камісарыят. Што я мог рабіць? Перапісваў паперы. I, трэба сказаць, аддаваўся гэтай справе з усім запалам. Бо ў кожнай з такіх папер гаварылася аб вялікім і новым, што прынесла савецкая ўлада на вёску, аб тыя, што кроўна цікавіла сялян, у тым ліку і мяне, сялянскага хлопца.

Неўзабаве перайшоў працаваць у валвыканком. Быў справаводам. Вельмі многа мне дала гэтая работа, таму што і ў валасным цэнтры нямала адбывалася падзей, а ўдзельнічаючы ў іх, і я знаходзіўся ў самай гушчы жыцця нашай вёскі. У валвыканком прыходзіла шмат газет і рознай літаратуры. Чытаў з захапленнем. Усё гэта з кожным днём усё больш і больш адкрывала мне вочы на свет.

Шмат можна было б сказаць пра тыя дні, калі мне, юнаку, даводзілася бачыць, як паляпшалася жыццё беднаты, як на вачах вырасталі новыя хаты з былога панскага лесу, як мацнела на сяле савецкая ўлада і як ішлі сяляне ў Чырвоную Армію абараняць сваю зямлю.

Уздымалася і дружна арганізоўвалася ў тыя гады моладзь сяла. Працуючы ў валвыканкоме, а потым рахункаводам у саўгасах Вялікія і Малыя Дольцы, я захапіўся работай сярод моладзі. З вялікім стараннем прымаў удзел у вясковай самадзейнасці, удзельнічаў у пастаноўках драмгурткоў. Тады ж стаў селькорам. Пісаў у шмат якія газеты, асабліва актыўна ў свае рэспубліканскія.

У 1923 годзе ў нашай вёсцы арганізавалася камсамольская ячэйка і я быў выбраны яе сакратаром. Прыналежнасць да камсамола патрабавала яшчэ большай энергіі. Я шмат аддаваў часу грамадскай і селькораўскай працы. У 1924 годзе сяляне выбралі мяне, дзевятнаццацігадовага хлапца, старшынёй Мала-Далецкага сельсавета. Год давялося выконваць гэтую даволі цяжкую работу на сяле. Але аб ёй я ўспамінаю з вялікай радасцю, таму што я шмат спазнаў, штодзённа сутыкаючыся з сялянскімі патрэбамі.

Камсамольская праца ўсё больш захоплівала. I ў 1925 годзе мяне накіроўваюць на работу ў Полацкі акругком ЛКСМБ. Цяжка было мне развітвацца з сялом, але я ганарыўся тым, што ехаў у горад, дзе спадзяваўся атрымаць сталую асвету. Мае надзеі спраўдзіліся. Пасля працы ў акругкоме я наведваў вячэрнюю школу для дарослых і многа чытаў. Там жа ў Полацку ў 1925 годзе пачаў пісаць вершы. Першыя з іх былі надрукаваны ў 1926 годзе ў акруговай газеце «Чырвоная Полаччына», дзе я потым працаваў сакратаром.

З таго часу пачаўся мой шлях літаратара. Добра разумеючы, што для творчасці неабходна набываць усё больш і больш ведаў, я ў 1928 годзе паступіў у Беларускі Дзяржаўны універсітэт у Мінску, які і скончыў у 1931 годзе.

Вучоба ва універсітэце, творчае таварыскае асяроддзе шмат садзейнічалі майму літаратурнаму станаўленню. За гады ўпартай працы да Вялікай Айчыннай вайны ў мяне выйшла на беларускай і рускай мовах некалькі кніг вершаў і паэм.

У дні Вялікай Айчыннай вайны я пайшоў у Чырвоную Армію, дзе ў 1941—1942 гадах працаваў у франтавой газеце на Бранскім і Заходнім франтах. У канцы 1942 года быў адкліканы ў распараджэнне ЦК КПБ і супрацоўнічаў у партызанскім друку. Пісаў вершы і артыкулы, змяшчаў іх у газетах і выступаў з імі па радыё.

Пасля вызвалення Савецкай Беларусі вярнуўся ў Мінск. Вялікае народнае гора ўбачыў я на роднай зямлі. Суцэльныя руіны замест прыгожых вуліц, спаленыя, знявечаныя сёлы. Спалена была дашчэнту і родная вёска. Не давялося мне пабачыцца і з маці. Гітлераўскія бандыты пагналі яе разам з некаторымі маімі сваякамі ў Асвенцім, дзе яна і загінула.

Цяжкія гады перажыў наш беларускі народ. Але, нягледзячы на гора, народ на ўсю сілу ўзяўся за аднаўленне сваёй рэспублікі.

Давялося і нам, літаратарам, у меру сіл дапамагаць яму сваім мастацкім словам.

Шмат прыйшлося мне пабачыць у жыцці, нямала перажыць разам са сваім народам і дзён радасці, і дзён гора. I пра ўсё гэта хацелася расказаць у сваіх творах. Як мог, я і стараўся рабіць гэта. Я рады, калі той ці іншы мой твор атрымоўвае прызнанне.

Побач з творчай працай даводзіцца нямала часу аддаваць грамадска-палітычнай працы і працы ў пісьменніцкай арганізацыі. Член ЦК КПБ. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР.

Даводзілася займацца і міжнароднымі справамі. У якасці дэлегата БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Йорку.

Я шчаслівы, што адна з маіх кніг удастоена вялікай узнагароды — Ленінскай прэміі. I хоць гадоў ужо нямала, хочацца працаваць і працаваць, каб зрабіць яшчэ больш, бо перад кожным з нас невычэрпная крыніца — вялікае і гераічнае жыццё свайго народа.

10/ХІІ 1962 г.

Каментарыi:

Add comment

Security code
Refresh

Rating All.BY Каталог TUT.BY