Цішка Гартны
Цішка ГАРТНЫ, сапр.: Зміцер Хведаравіч ЖЫЛУНОВІЧ
(23 кастрычніка 1887, мяст. Капыль Слуцкага пав. Мінскай губ. (цяпер Мінская вобласць) — 11 красавіка 1937, Магілёў, псіхлячэбніца.
Беларускі пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905-1907.
Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне, на заводзе ў Санкт-Пецярбургу. Друкавацца пачаў з 1908 у газеце "Наша ніва". Першая кніга "Pieśni" выйшла ў 1913. У 1918 сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты "Дзянніца".
З кастрычніка 1918 у РКП(б). З 1.1.1919 па 3.2.1919 старшыня Часовага ўрада Савецкай Беларусі. Потым палітработнік Чырвонай Арміі.
У 1921 у Берліне наладзіў выданне беларускіх кніг. Пасля вяртання ў Мінск рэдактар газеты "Савецкая Беларусь", ініцыятар стварэння літаратурнага аб'яднання і часопіса "Полымя", узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намесніка наркама асветы БССР, у Інстытуце гісторыі БелАН. Акадэмік БелАН з 1928.
Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай "за сувязь з <...> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі". Арыштаваны 15.11.1936, 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых звестках - скончыў жыццё самагубствам).
Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання 11.4.1989 устаноўлены помнік.
Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі.
Цішка Гартны