Галоўная Бачыла А. М. Падарожжа па сцежках жыцця
18 | 05 | 2012

Падарожжа па сцежках жыцця

---:
Рейтинг:
3.0/5 rating (6 votes)
::

Як і кожнае падарожжа, яно мае свой пачатак. Турысты такі пачатак выбіраюць самі. А паколькі ў жыццё я ўваходзіў не турыстам, дык і пачатак жыццёвай сцежкі выбіраўся без майго ўдзелу. А то, чаго добрага, раптам перадумаў бы і захацеў нарадзіцца не ў Лешніцы, а дзе-небудзь у іншым месцы. Тым больш што прыгожых мясцін на Беларусі вельмі многа.

Не думайце толькі, што гэтым я хачу зменшыць прыгажосць сваёй радзімы. Для мяне мая Лешніца — заўсёды самы маляўнічы і самы дарагі куток.

Трапіць туды вельмі лёгка. Варта сесці на прыгарадны цягнік, што ідзе ў бок Рудзенска, даехаць да станцыі Міханавічы, злезці, узяць крыху лявей, мінуць вёску Астравы, затым — лугавую лагчыну, якую ў нас называюць Прудзішчамі, узысці на невялікі ўзгорак, і адразу — Лешніца... Тут 2 сакавіка 1918 года я і нарадзіўся. Што гэта сапраўды так, можа засведчыць цудам уцалелая даведка, выдадзеная Смілавіцкай раённай міліцыяй яшчэ 10 жніўня 1928 года.

У Лешніцы праходзіла маё маленства. Улетку цэлымі днямі бавіўся на рэчцы, а бліжэй к восені, калі паспявалі ягады і з'яўляліся першыя грыбы, прападаў у лесе. I толькі зіма з яе завеямі і маразамі надоўга заганяла ў хату. Тады ўжо вечарамі, седзячы перад адчыненымі дзверцамі грубкі, пры святле палаючых дроў слухалі мы, як старэйшая сястра чытала кніжкі ці расказвала цікавыя казкі пра вадзянікоў ды чарцей. I дзіву даваліся, адкуль яна ўсё гэта ведала і брала, бо кожны вечар расказваліся новыя казкі.

У школу пайшоў рана. Карцела хутчэй навучыцца чытаць самому. Праўда, спачатку маці не пускала.

— Ты ж яшчэ малы,— пераконвала яна.— Хто ж гэта ў шэсць гадоў запісваецца ў школу? Цябе ж настаўнік не прыме…

Але я не адступіўся ад свайго — хоць і без кніжак, а пайшоў. I... о нечаканасць! — мяне запісалі ў першы клас.

Паступленне ў школу было маёй самай першай важнай падзеяй. З часоў маленства вельмі ўрэзаліся ў памяць жалобныя дні смерці Уладзіміра Ільіча Леніна. Хто такі Ленін, я яшчэ, вядома, не ведаў, але па тым, як у нашай хаце плакалі мужчыны, зразумеў, што памёр чалавек, якога вельмі любілі і шкадавалі. I мне таксама хацелася яго пабачыць. Мне здавалася, што яго абавязкова будуць хаваць на нашых могілках, за сялом, і каб не прапусціць — амаль цэлы дзень прасядзеў каля акна, пільнуючы працэсію. З нецярплівасці нават некалькі разоў выбягаў на вуліцу, узыходзіў на ўзгорак, углядаўся, але там нікога не было відаць.

Школьная навука давалася лёгка. Таму бацькі рашылі вучыць мяне далей. Але дзе? Да бліжэйшай сямігодкі ў Пярэжыр — пяць кіламетраў. Радні там ніякай. А ў Мінску жыла бацькава сястра. Як-ніяк свой чалавек. I мяне разам са старэйшым братам для далейшай навукі адвезлі ў Мінск.

Школа размяшчалася ў чатырохпавярховым будынку на былой Міхайлаўскай вуліцы, насупраць Вiленскага рынку. Суседства з рынкам прыносіла і нямала забаў. На перапынках цікава было зверху наглядаць. як людзі, размахваючы рукамі, нешта адзін аднаму даводзілі, спрачаліся. I ад таго, што мы бачылі толькі рухі і не чулі слоў, нам рабілася смешна. Нібы мы глядзелі нямое кіно без цітраў. А тут яшчэ найбольш «смелыя», бывала, і агрызак шыбануць праз фортку. Чалавек пачынае азірацца па баках: «Што? Адкуль?» Потым, здагадаўшыся, глядзіць у наш бок, а мы хуценька закрываем фортку — і ходу.

I вось школа закончана. Куды падацца далей? Якую выбраць прафесію? Неяк у газэце я вычытаў, што набіраюцца студэнты ў аўтатранспартны тэхнікум. Доўга не думаючы, пішу заяву і адношу дакументы. Прыёмных экзаменаў тады не было — і я ўжо амаль лічыў сябе студэнтам першага курса. Чакаў толькі дня, калі вывесяць спіскі. Праўда, чакаў дарэмна. У спіскі прынятых маё прозвішча так і не трапіла. I вось чаму: мне было трынаццаць год, а ў тэхнікум прымалі з пятнаццаці.

— Прыходзьце праз два гады, прымем,— сказалі мне ў канцылярыі, вяртаючы дакументы.

Лёгка iм гаварыць — два гады. А як мне іх перачакаць? I асабліва тады, калі бачыш, што твае сябры шчасліва ад'язджаюць на вучобу, а ты застаешся ў вёсцы адзін. I я так зажурыўся, што не знаходзіў сабе месца і цэлымі днямі хадзіў і думаў: «Што зрабіць, каб не застацца без вучобы?» I, відаць, сам бы нічога не прыдумаў, калі б не адна акалічнасць.

У той час самай моднай прафесіяй лічылася прафесія рабочага. На інтэлігента глядзелі крыху зняважліва, як на гультая. I таму многія пасля сямігодкі ішлі на работу або ў прафтэхнічныя школы. Адзіны белпедтэхнікум і той не мог набраць патрэбнай колькасці студэнтаў. Быў аб'яўлены дадатковы набор. Я ўхапіўся за гэта, як за выратавальны круг. Пры прыёме там ужо не было той строгасці, як у аўтатранспартным тэхнікуме. Ніхто нават не звярнуў увагі на тое, што мне было толькі трынаццаць.

Сярод студэнтаў пераважала сціплая вясковая моладзь, бедна апранутая, але багатая сваёй прагнасцю да навукі і грамадскай працы. У сценах тэхнікума часта наладжваліся літаратурныя вечары, самадзейныя спектаклі. Тут яшчэ лунаў жывы дух творчасці, які пакінуў пасля сваёй выкладчыцкай працы Якуб Колас. Літаратурай захапляліся многія. Захапіўся ёю і я. А, пасмялеўшы, пачаў наведваць і Дом пісьменніка, дзе адбываліся розныя дыспуты і абмеркаванні.

У вольны час я стараўся як мага больш чытаць, ведаючы, што на вёсцы, куды давядзецца ехаць пасля тэхнікума, не будзе ні такой магчымасці, ні такіх бібліятэк. Ніхто з нас тады не думаў, каб прыладзіцца дзе-небудзь у Мінску. Хацелася трапіць у глуш, у Палессе, у самы далёкі куток Беларусі. А чаму іменна ў глуш? Я і сам не ведаў. Відаць, гэтае жаданне ўзнікла пад уплывам коласаўскіх палескіх аповесцяў, якімі мы тады зачытваліся.

Забягаючы наперад, скажу, што трапіць у глуш не давялося. Камісія, якая размяркоўвала нас па раёнах, вырашыла мой лёс інакш.

Надыходзілі дні развітання. Нават нашы педагогі глядзелі ўжо на нас, як на сапраўдных настаўнікаў. Помню, на адным з апошнiх урокаў наш самы строгі і самы старэйшы выкладчык звярнуўся да нас з такімі словамі:

— Дзе б вы ні былі і якую б пасаду ні займалі, помніце, што вы служыце людзям. Не адгараджвайцеся ад іх, шукайце сцежак да іх сэрцаў. Будзьце заўсёды сумленнымі і праўдзівымі. Вам жыць сярод людзей і працаваць з імі. Даражыце народная павагай. Яна — самая высокая ўзнагарода для настаўніка.

Мы былі прыемна ўзрушаны яго па-чалавечы шчырымі словамі. Не раз потым я ўспамінаў іх, працуючы выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Каралішчавічах.

У той час настаўнік на вёсцы быў не толькі выкладчыкам пэўнай дысцыпліны. Часта аб ім меркавалі не па якасці выкладання, а па грамадскай рабоце. Ён павінен быў на прымацаваным участку сачыць, як выконваюцца розныя нарыхтоўкі і павіннасці. Не раз даводзілася хадзіць па хатах і праводзіць работу са «злоснымі зрыўшчыкамі» (так тады называлі ўсіх, хто не ў час разлічваўся з дзяржавай).

Праўда, гэтую работу розныя службовыя асобы разумелі па-рознаму. Некаторыя заходзілі ў хату «зрыўшчыка» толькі дзеля таго, каб накрычаць на чалавека, пагразіць яму карай і рознымі штрафамі. Я трымаўся іншага: не пагражаў людзям, а проста па-чалавечы прасіў іх. I мая просьба рабіла больш, чым пагрозы. Я пераканаўся, што казёншчына толькі злавала людзей. Пераконваўся ў гэтым і потым.

Неяк у 1949 годзе ў складзе групы прапагандыстаў я і дырэктар тэатра Ул. Стэльмах выязджалі ў Радунскі раён чытаць лекцыі аб міжнародным становішчы. Стараліся размаўляць з людзьмі проста і зразумела. I заўсёды адчувалі да сябе шчырую прыхільнасць. Гэта заўважылі і работнікі палітаддзела МТС.

— Вы ўмееце проста гаварыць з людзьмі,— звярнуліся яны да нас.— Не адмоўце паехаць у самую «цяжкую» вёску, памажыце арганізаваць калгас. Двойчы мы там збіралі сход — і ўсё дарэмна.

Хоць нас не ўпаўнаважвалі ў Мінску займацца арганізацыяй калгасаў, але адмовіць палітаддзельцам было няёмка. Паехалі. Па дарозе яны расказалі, што людзі там вельмі ўпартыя і палітычна несвядомыя.

Вёска (цяпер не помню яе назвы) уяўляла сабой некалькі раскінутых на пясчаным узгорку хат, абкружаных балотамі ды чэзлым хмызняком. На палях — адно каменне. Без тэхнікі і дружнага калектыву сяляне ніколі б не вылезлі з беднасці і нястачы. I мы пра гэта расказалі шчыра, карыстаючыся простымі сялянскімі разлікамі. I яны паверылі нам. Калгас быў арганізаваны.

Позна ноччу вярталіся мы на сядзібу МТС. Палітаддзельцы радаваліся, што ў іх цяпер будзе 100% калектывізацыі. А мяне гэта захапленне працэнтамі насцярожыла і засмуціла. I я не мог устрымацца, каб не сказаць ім:

— Дарагія таварышы, вы захапляецеся не самым галоўным. Арганізаваць калгас — справа няцяжкая. А вось памагчы людзям стаць на цвёрдыя ногі — куды цяжэй. Не зробіце гэтага, страціце самае дарагое — павагу і народную веру.

Але я, як бачыце, забег крыху наперад. Давядзецца вярнуцца назад.

У Каралішчавічах я тады настаўнічаў да студзеня 1936 года, а затым быў пераведзены ў Сінілаўскую школу. Адтуль увосень 1939 года і быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. У ваенкамаце атрымаў накіраванне ў танкавую часць у Куйбышаве.

Танкістам стаць мне ўсё ж не суджана было. Неўзабаве пачалася фінская вайна, часць выехала на фронт, а мяне, як чырвонаармейца першага года службы, перавялі ў Чапаеўск. Цэлую зіму дзень пры дні па дванаццаць і болей гадзін вывучалі вайсковую справу, тактыку. На гэты раз усё рабілі вельмі старанна — адчувалі, што набліжаецца час адпраўкі на фронт. Але... вайна абышлася без нас.

Неўзабаве вайсковы лёс закінуў мяне ў невялікі курортны гарадок на Каўказе. Нізкі бераг і сосны. Цудоўныя пляжы і чыстае марское паветра. Удалечыні, пабліскваючы на сонцы, бялее высокі хрыбет Каўказскіх гор. Амаль як у раі. Праўда, рай гэты толькі для вока. Для нас падрыхтаваны быў голы, выпалены сонцам пясчаны бераг — ні былінкі, ні травінкі. Улетку — невыносная спякота, а ўвосень — праліўныя шматтыднёвыя калхідскія дажджы. Не паспееш даесці да паловы салдацкую кашу, як яна ператвараецца ў халодны крупнік. А тут яшчэ заняткі, як тады патрабавалі загады, «ва ўмовах, прыбліжаных да баявой абстаноўкі». Рэдка які выхадны дзень мы праводзілі ў лагеры.

У мітусні армейскага жыцця і не заўважылі, як надышла нядзеля 22 чэрвеня 1941 года. Раніца выдалася ясная, сонечная. Пасля трывог і паходаў прыемна было выкупацца ў моры, паляжаць на цёплай гальцы і пазагараць.

I раптам голас днявальнага: «Баявая трывога! Баявая трывога!»

«Ізноў прапаў наш выхадны»,— з крыўдай думалі мы.

А ў артылерыйскім парку ўжо здымаліся з кансервацыі цягачы, адна за адной на дарогу выязджалі пушкі-гаўбіцы. Гэтага раней не было. I толькі апоўднi даведаліся, што пачалася вайна.

Занялі абарону на беразе мора — на выпадак дэсанту. I адразу абстаноўка зблізіла салдат і камандзіраў. Цяпер — усе салдаты. У першую ж ноч папрасіўся ў баявую ахову. Цёмна. Пільна ўглядаўся і ўслухоўваўся, але, апроч шуму мора, нічога не было чуваць. У памяці паўставалі родныя мясціны. Што там? Як хацелася туды!

Але туды — няскора... Тады ж нас перакінулі да іранскай граніцы. Усе былі здзіўлены: «Чаго?» I толькі ў канцы жніўня гэтае «чаго?» высветлілася.

Апоўднi па пантонным мосце пераехалі Аракс. Першы гарадок чужога свету — Джульфа Iранская. Першыя баязлівыя позіркі людзей, напалоханых варожай прапагандай. Аднак хутка жыхары пераканаліся, што ніхто іх рэзаць не збіраецца, і ўступалі ў дзелавыя сувязі — прадавалі вінаград.

На трэці дзень трапілі ў Таўрыз. Горад узрушаны. Людскія натоўпы запоўнілі цэнтральныя вуліцы. Цішыня толькі ў губернатарскім асабняку, дзе часова размясціўся наш армейскі штаб. На прасторным двары — два невялічкія басейны, у якіх плавалі рознакаляровыя рыбкі.

Праз два месяцы пакінулі Таўрыз. К гэтаму часу я ўжо працаваў сакратаром ваенкома штаба арміі. Армія рыхтавалася да баёў на Керчанскім паўвостраве.

У Крым пераправіліся па лёдзе Керчанскага праліва, які ў тую суровую зіму ўпершыню замёрз. I наколькі лёгкай і бесклапотнай была пераправа туды, настолькі цяжкай і трагічнай была яна пры адступленні ў маі 1942 года. Адно тады было ясна: здарылася непапраўная бяда. Дзень пры дні над нашымі галовамі з раніцы да вечара стаяў няспынны гул варожых самалётаў. На крымскі плацдарм немцы кінулі ўсю сваю авіяцыю, якая базіравалася не толькі ў прыфрантавой паласе, але і на аэрадромах Прыазоўя і Данбаса. А тут яшчэ веснавая гразь і бездарожжа. Буксавалі машыны. Пагразалі цягачы. На полі бою заставалася шмат тэхнікі, боепрыпасаў, нявывезеныя склады. I як на злосць, нехта распусціў чутку, быццам у Керчы арганізавана пераправа праз праліў. Некаторыя паспяшылі туды, не думаючы аб выніках свайго ўчынку. I калі прыйшлі ў Керч, убачылі: ніякай пераправы няма. Не вытрымліваючы варожых бамбёжак, хто-ніхто кідаўся ўплаў, спадзеючыся на сілу рук і сэрца. Найбольш кемлівыя пускаліся ў шлях на драўляных шчытах, спараных бочках ці на аўтакамерах. Толькі адзінкам удавалася адолець пяцікіламетровы праліў і дасягнуць касы Чушка. Астатнiх, хто выбіўся з сіл, быстрая плынь адносіла пад агонь нямецкіх мінамётаў, артылерыі і кулямётаў. Вельмі дорага аплочвалі яны сваю бяздумнасць.

На світанні 15 мая разам са штабам на катэры я перабраўся ў Тамань. А ў Керчы яшчэ чатыры дні ішлі суровыя баі. Маракі Азова-Чарнаморскай флатыліі эвакуіравалі пад агнём ворага раненых і асноўныя сілы арміі. Потым усё, здавалася, заціхла. Аднак барацьба не спынялася. Тыя, хто не паспеў эвакуіравацца, працягвалі змагацца ў Керчанскіх каменяломнях і катакомбах Аджымушкая.

Больш крыўднай трагедыі, чым крымская, мне не давялося бачыць за ўсе гады вайны. Былі пазней свае цяжкасці і пры абароне Новарасійска, і ў баях за Харкаў, і на Курскай дузе, і пад Віцебскам, але гэта былі цяжкасці наступаючых часцей, натуральныя цяжкасці, вынікам якіх была перамога.

На фронце я не пакідаў і літаратурнай працы. Для сябе пісаў па-беларуску, для друку — на рускай мове. Улетку 1943 года мяне накіравалі літсупрацоўнікам дывізійнай газеты «В бой за Родину!».

Журналісцкая работа пазнаёміла мяне з многімі цікавымі людзьмі. Бывала за дзень робіш па сорак, а то і пяцьдзесят кіламетраў пеша, каб здабыць свежы, баявы матэрыял для газеты. Нярэдка даводзілася браць інтэрв'ю ў параненых, па дарозе ў медсанбат. Часта з глыбокага тылу да нас у рэдакцыю прыходзiлі салдацкія трохкутнічкі з просьбай прыслаць выразку з газеты. Па нашых заметках многія потым атрымлівалі ўрадавыя ўзнагароды.

Увогуле журналіста салдаты сустракалі з любоўю і шчыра дзяліліся з ім сваімі думкамі, давяралі самае запаветнае. Памятаю, неяк ішоў на чарговы збор матэрыялу. Па дарозе сустракаю падводу — везлі цяжка параненага байца. Кроў залівала прастрэленае горла. Спачатку пра ўсё я хацеў выпытаць у ездавога. Але ён нічога не ведаў. Тады я нахіляюся над параненым. Ён пазнае мяне:

— А-а-а... Гэта вы... рэдактар...

— Вам цяжка, не расказвайце,— спрабую ўгаварыць яго.

— Нічога... для вас... раскажу...

I ён расказвае, перапыняючыся... Я іду побач і запісваю. А потым яшчэ доўга пазіраю ўслед, пакуль падвода не знікае за ўзгоркам. А ў вушах: «Нічога... для вас... раскажу...» Гэтыя словы гучаць для мяне вышэйшай узнагародай.

Заканчэнне вайны сустрэў на літоўскай зямлі. А потым ізноў на Волгу. Саратаў, Куйбышаў і, нарэшце, Чапаеўск. Той самы Чапаеўск, дзе некалі служыў, і нават тая ж салдацкая сталовая... Нечаканае супадзенне.

Вяртаўся дадому той самай дарогай, якой у 1939 годзе ехаў з камандай прызыўнікоў. Адразу ж уладкаваўся на працу: спачатку ў «Настаўніцкую газету», а праз чатыры месяцы ў газету «Літаратура і мастацтва». Ёй аддаў шмат гадоў працы ў якасці загадчыка аддзела інфармацыі, адказнага сакратара і намесніка галоўнага рэдактара. З газеты перайшоў у часопіс «Полымя», дзе і працую зараз. У заключэнне некалькі слоў пра творчыя справы і першыя кнігі.

Першай кнігай лічу зборнік «Шляхі» (1947 г.). Другой па ліку, але першай кнігай, якая трапіла на паліцы магазінаў і бібліятэк, быў зборнік вершаў «Подых вясны» (1950 г.). Адчуваю, што чытачу гэта будзе незразумела,— давядзецца пра ўсё расказаць больш падрабязна.

Каму з аўтараў не хочацца хутчэй узяць у рукі сваю першую кніжку? А тут яшчэ, як на тое ліха, і дырэктар «Чырвонага друкара» падбадзёрыў: «Прынось рукапіс — аддрукуем за два тыдні і не горш, чым у цэнтральнай друкарні». Пайшло насустрач і выдавецтва. Перадало рукапіс, завезла паперу. Я сам уважліва вычытаў карэктуру, прасачыў за друкаваннем. «Ну, думаю, цяпер ужо ўсё ў парадку». I як жа я памыліўся. Да сапраўднага парадку было яшчэ далёка. А правільней кажучы, парадку і зусім не было. Пераплётны цэх так збрашураваў і абрэзаў мой зборнік, што ледзь здолелі выбраць некалькі дзесяткаў кніг для абавязковай рассылкі. Астатнія пайшлі пад нож. I хоць фармальна лічыцца, што кніга выйшла ў свет (яна нават была прарэцэнзіравана ў «Комсомольской правде»), але чытацкага свету мае «Шляхі» так і не пабачылі.

У наступныя разы я ўжо быў разумнейшы і чарговыя зборнікі «Зоры вясеннія» (1954 г.), «Яснае світанне» (1958 г.), «Юнацтва» (1959 г.), «Калючая ружа» (1962 г.) выходзілі без асаблівых прыгод.

Нічога не трэба падганяць штучна.

Цяпер сярод паэтаў вядзецца нямала спрэчак пра форму. Думаю, што для нашай паэзіі не існуе асобна ўзятай праблемы формы, бо яна — не самамэта, а толькі спосаб адлюстравання таго ці іншага жыццёвага матэрыялу. Калі форма прываблівае сваёй знешнасцю, не кранаючы па-сапраўднаму пачуцця, значыцца, яна не сапраўдная, робленая, яна — часовая мода, якой захапляюцца толькі ў адным сезоне. Для сапраўднай паэзіі перш за ўсё характэрна навізна пачуцця, думкі, бачання свету, навізна чалавечых характараў. Форма — толькі сродак іх найбольш дакладнага i дасканалага вобразнага выяўлення.

Сам я вельмі люблю сюжэтныя вершы. Відаць, мая любоў да сюжэта і зблізіла мяне з кампазітарамі, з жанрам опернага лібрэта.

Увогуле пра сваю работу гаварыць вельмі цяжка, а яшчэ цяжэй — даваць ёй ацэнку. Пакуль працуеш — усё здаецца прыстойным, а закончыш — і ўсё пачынае не падабацца. Мусіць, гэтая вечная незадаволенасць — натуральны стан чалавека творчай працы. Кожны раз — новыя шуканні і новая незадаволенасць.

16 верасня 1962 г.

Каментарыi:

Add comment

Security code
Refresh

Rating All.BY Каталог TUT.BY