Аўтабіяграфія
Лета ў той год было ранняе і гарачае. Даспела жыта. Трэба жаць. I маці пайшла на жніво. Добра, што недалёка, хоць ісці ёй было нялёгка і няварта. У поўдзень яна адчула сябе нядобра. Прылегла пад снапы, каб хоць трошкі абараніцца ад спякотлівага сонца. Там, на полі, пад жытнёвымі снапамі, 24 ліпеня 1911 года я і з'явіўся на свет. Крыху адпачыўшы і сабраўшы ўсе свае сілы, загарнула мяне маці ў прыпол і прынесла дахаты.
Дома дзед і бабка не вельмі былі рады лішняму роту, але ўжо калі з'явіўся чалавек на свет, дык нічога не паробіш, як-небудзь няхай кідаецца. I хоць бабка не надта спагадала нявестцы, але на гэты раз па-добраму накрычала на яе за тое, што не беражэцца, не наказала праз каго-небудзь пра сваю нагоду. Абышлося ўсё добра. Толькі з імем мне не пашанцавала. Бацька хацеў назваць мяне Толя, але поп заўпарціўся. Маці згаджалася на любое імя, якое скажа бацька. Я не мог ведаць тады, па вядомых абставінах, што мой бацька некалі быў закаханы ў мясцовую прыгажуню Антолю. Ды і бацька з сарамлівасці і нейкай мужчынскай ганарыстасці не прызнаўся маёй маці, чаму сына трэба называць толькі Анатолем.
Маці мая, Наталля Андрэеўна Парымон, з вёскі Замосце, цяпер Магільнянскага сельсавета, Уздзенскага раёна, вельмі прыгожая была з твару, мела слаўную душу, мілае і добрае сэрца. Бацька, відаць, забываў пра першае няўдалае каханне, але нейкі вугалёк яшчэ тлеў у сэрцы: тут і самалюбства, і гонар хоць беднага полем, але багатага сілай, прыгожага дзецюка з вялікімі марамі і надзеямі на будучыню — некалі разжывуся, будзе поле, будзе хлеб і лепшая доля. Але пра гэта пасля. А тым часам мая хросная маці і хросны бацька панеслі мяне да папа. Хроснай маці было дзесяць год, а хроснаму бацьку, Міколу Клюйку,— ого! — каля дваццаці год. Я, насмактаўшыся матчынага малака, скручаны па руках і нагах паясамі, вытканымі на слуцкі ўзор, спакойна спаў. Пясоцкі поп Пастарнацкі не вельмі ўзрадаваўся майму з'яўленню на свет: тут не заробіш!
Бацька ніколі не хадзіў у царкву. Ды і маці не хрысціла свой лоб. Яна люта ненавідзела папоў. Ды было ёй чаму іх не любіць: за свой малады век пабывала пакаёўкай у графа Чапскага, які жыў у той час у Станькаве (цяпер Дзяржынскага раёна), служыла ў папа і рабіна. I ўсюды насміхаліся з веруючых авечак і бараноў, рагаталі з цёмных бабуль і дзядоў, насміхаліся з бога і толькі дбалі, каб як сваю паству абдурыць і выцягнуць з яе кішэняў лішнюю капейку. Прычым зусім не саромеліся прыгожай пакаеўкі, а пры ёй расказвалі такія агідныя гісторыі пра мітрапалітаў і благачынных, пра настаяцельніц манастыроў і іх шашні з манахамі, што маладая дзяўчына толькі плявалася і хутка выбягала ад іх. Але голад не цётка. Трэба жыць, а каб жыць, трэба грошы, а каб мець грошы, трэба працаваць. I маці мая працавала як апантаная.
I вось прынеслі мяне, немаўлёнка, да Пастарнацкага. Ён тады яшчэ быў малады, але высачэзны і даволі зграбны. Прыняў мяне на свае папоўскія рукі, распытаў, хто я і чый. (О, каб я тады мог з ім пагаварыць, а не толькі пішчаць! Я сказаў бы яму, чый я і хто я!) I поп запытаўся ў недалужных маіх хросных:
— А колькі грошай вы прынеслі?
— Ды толькі рубля,— адказала дзесяцігадовая хросная маці.
— За рубля — не тое імя.
I поп назваў мяне Акімам. А мне і тады было і цяпер, ужо ў сталым веку, добрае кожнае імя, на якое я мог адклікацца.
Бацька, вядома, раззлаваўся за такое імя i з хрысцін, на якіх сядзелі госці і праслаўлялі маё нараджэнне, хацеў пайсці да папа і пабіць яго. Але зноў жа справа абышлася мірна. Вырашылі, на злосць папу, называць мяне Толя. Так лепш малога люляць. А то нейкі Акім! З таго часу я і стаў Толем, а не Акімам. Такім чынам, я цяпер Акім-Анатоль. I гэтыя два імёны не псуюць мне настрою, хоць і не робяць мяне больш здольным, чым трэба майму нахілу да літаратурнай творчасці.
Мне ўжо было пяць год, калі маю цётку Параску, бацькаву сястру, жыхары пасёлка Воўчы Хвост (у мястэчку Пясочнае на Капыльшчыне), дзе я нарадзіўся, нанялі за настаўніцу. Яна была па тым часе вялікім грамацеем: напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі скончыла царкоўнапрыходскую школу. Такіх настаўніц і настаўнікаў, нанятых, як пастухоў, чамусьці тады называлі «дарэктарамі».
Звычайна я ведаў, у якой хаце сёння ці заўтра будзе навучаць дзяцей Параска. Услед за цёткай бег я вучыцца хітрай мудрасці, пакідаючы малодшага браціка без прыгляду. Маці за гэта не раз агравала мяне паскамі. Але паскі матчыны не вялікі страх. Маці мая па натуры была не злосным чалавекам і тым больш да свайго дзіцяці. Яна мяне любіла за спакойны характар: я ёй мала дакучаў, быў непераборлівы на харч, мала плакаў і больш спаў. А гэта таксама падабалася і бабцы, і дзеду.
Бабка Марыся, па дзявочаму прозвішчу Клюйка, паходзіла з трошкі багацейшай сям'і, чым дзед Змітрук. Але каханне, відаць, рэч больш сур'ёзная, чым валы ды каровы. I бабка ў свой час аддала перавагу дзеду, а не валам ды каровам. Хоць у пасаг ёй сёе-тое далі з гэтай жыўнасці ды ў прыдачу некалькі гонек-выцяганак, падушак ды іншай дробязі. Адным словам, куфар быў поўны рушнікоў, навояў, кужалю i зрэб'я. А ў маці беспасажніцы галоўным пасагам былі маладосць, русыя кучаравыя косы і залатыя рукі. А гэтага ў той час, аказваецца, было мала.
Калі бацьку забралі на вайну, маці часта плакала. Я не ведаў тады, што бабка дакарала сваю нявестку-беспасажніцу кавалкам хлеба, нагрувашчвала на яе непасільную працу і пагражала выгнаць з хаты. Каб я гэта ведаў тады, дык сказаў бы бабцы, як цяпер: «Адкуль бяруцца дрэнныя нявесткі, і чаму ўсе дочкі харошыя?!» Але гэта я сказаць яшчэ не ўмеў і толькі шчыльней прытуляўся да заплаканай шчакі маці, нібы пагражаючы: «Не плач, мама, я вырасту і адпомшчу гору за твае слёзы».
Але бабку Марысю і дзеда Змітрука таксама не абыходзіла гора. Яны самі працавалі да зморы, не маючы нават часу паабедаць. Касілі ў пана Ёдкі на пятую капу сена, абраблялі зямлю цёткі Дамянісі, атрымліваючы за гэта палову ўраджаю. А свой надзел! Ат, які то быў надзел! Паўтары дзесяціны ворнае зямлі, ды і то адзін пясок. Ужо на каляды дзед з жабрацкім паклонам ішоў у пазычкі да пана ці мясцовых багацеяў. У краме цётак Алтарыхі ці Вэльваліхі ён часта браў лёк ад селядцоў, а мы, унукі яго, з велізарнай асалодай мачалі хлеб у гэтую салёную жыжку, лічачы яе найвышэйшым дарам.
Крыху палепшала, калі бацька вярнуўся з вайны. Як ён ні трапятаўся! То пачынаў шыць боты і чаравікі, то ганяў плыты, будаваў людзям хаты, а то нават кідаўся ў гандаль. Але які з яго быў гандляр! Зарабляў ён на ім, што Заблоцкі на мыле. За рубель купіць, а за паўрубля прадасць. От, выгадваў калі-нікалі ці кіндзюк, ці пару якіх ног на халадзец, каб мы, дзеці, з голаду не пухлі. Бацька быў белабілетнік, не прыгодны да воінскай павіннасці па стану здароўя, таму яго вызвалілі ад салдацкай службы. Але спынілася адна бойня, пачаліся другія: нямецкае нашэсце, польская акупацыя. Тужэй падпяразвайся. Аддай усё захопнікам, а сам як хочаш, так і жыві. Толькі трасцу ім аддавалі. Хавалі, вылузваліся як мага. Так і жылі: часам з квасам, а парою з вадою.
Як старэйшы сын я памагаў бацьку араць і сеяць, касіць і малаціць, сукаў дратву для яго шавецкай справы, падбіваў набойкі і нават навучыўся прыклёпваць падмёткі да старога абутку, пасвіў авечак і кароў, вадзіў на начлег свайго і суседскіх коней. Конь наш быў стары і амаль бяззубы, вельмі высокі, але спакойны і добра лавіўся. Узлезці на яго не так было і лёгка. Я падводзіў сівога да мяжы ці рваў яму асакі, ён цягнуўся да травы, я яму садзіўся на шыю. Конь уздымаў галаву, каб скінуць надакучлівы груз (бывала-такі і скідаў!), а я тым часам апынаўся на яго спіне, адкуль мяне ўжо і сам чорт не мог сцягнуць!
Аднойчы я араў. Шнурок вузенькі. Мяжа зарасла, як воўк. А конь галодны ўсё цягнецца да травы. Плуг жа не па маёй сіле... Вядома, што за ворыва атрымлівалася. Я не ўзараў, а, як свіння лычам, толькі пакалупаў загончык. Бацька глянуў на маю работу, страшэнна раззлаваўся ды сцебануў мяне па голых лытках. Пырснула кроў. Бацька ад раптоўнага жаху знямеў, кінуўся да мяне, прытуліў да грудзей і горка заплакаў: «Сынок, даруй, ніколі больш не буду... Гэта не я, гэта гора». I бацька стрымаў сваё слова. Ён ніколі не кранаў сваіх дзяцей дзягай, а са скуры вылузваўся, каб толькі мы былі не голыя і не вельмі галодныя і каб абавязкова вучыліся.
Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Яна прырэзала бацьку паўтара гектара канфіскаванай зямлі. Цяпер толькі ары ды сей, жні ды малаці. А бацька стаў ужо не Петрусём, а Петрусём Змітравічам: яго абралі за старшыню камітэта сялянскай беднаты. У 1923 годзе нейкім чынам у Пясочным апынулася сям'я настаўніка-бежанца Івана Аляксандравіча Шышко. Ён стаў першым загадчыкам новай сямігодкі, а дочкі яго, Яўгенія Іванаўна і Ніна Іванаўна, настаўніцамi. Мяне прынялі ў чацвёрты клас. Вучняў было шмат, а памяшкання не было. Не хапала настаўнікаў, не было падручнікаў і сшыткаў.
Але гэта не палохала загадчыка школы, старога настаўніка. Ён настойліва падбіраў выкладчыкаў сярод сваіх старых знаёмых, спакушаў іх Нёманам, рознымі абяцанкамі. I ўрэшце сяк-так быў адваяваны пад сямігодку папоўскі дом, адпушчаны сродкі для будаўніцтва больш прасторнага памяшкання. Сабраўся і добры калектыў настаўнікаў. Прыехаў у родныя мясціны і мой дзядзька Іван Іванавіч Шаблюк. Ён некалі скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і недзе працаваў на Палессі. Прыехаў ён у Пясочнае ажно на трох падводах, хоць сям'я складалася з жонкі і дваіх дзяцей — сына Уладзiміра і дачкі Ларысы. Землякі абступілі Івана, а радня была вельмі рада, што іх сваяк прывёз аж цэлых тры падводы ўсялякага дабра. Як жа яны былі расчараваны, калі гэтае дабро аказалася не анучамі, а кнігамі! Стары дзядзька Захар Шаблюк не ўтрымаўся і заўважыў: «Што ж ты, Іване, кнігу не надзенеш на сябе і не з'ясі, лепш бы грошы пашкадаваў...» Затое мы, вучні, былі ў захапленні. Гэта ж колькі кніг! Цяпер ёсць што чытаць, ёсць па чым вучыцца.
I мы вучыліся, мы чыталі. Настаўнікі Шаблюк, Абаза, Грынюк прывівалі нам любоў да кнігi беларускай і рускай. Грынюк i Абаза выкладалі рускую мову і літаратуру. Яны па-майстэрску чыталі на занятках творы Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Гогаля, Крылова. Захапленню нашаму не было граніц. Шаблюк выкладаў беларускую мову і літаратуру. Ён здзіўляў нас тым, што мог цэлымі гадзінамі чытаць па памяці творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы. З многiмi беларускімі пісьменнікамі ён быў асабіста знаёмы і з любоўю расказваў пра іх жыццё і творчасць, пра свае сустрэчы з землякамі Крапівой і Трусам, з Чаротам, Александровічам... Мне вельмі падабаліся творы беларускіх пісьменнікаў, напісаныя тою мовай, на якой размаўлялі мае бацькі і аднавяскоўцы. Неўзабаве і я пачаў складаць вершаваныя радкі на беларускай мове.
У 1926 годзе я ўжо быў актыўным селькорам газеты «Беларуская вёска», якая змяшчала мае допісы з вясковага і школьнага жыцця. Тады ж я рызыкнуў паслаць свае першыя вершаваныя спробы ў часопіс «Чырвоны сейбіт». Адказ быў сумны. Кузьма Чорны, які працаваў тады загадчыкам літаратурнага аддзела, вершы пахваліў, але напісаў, што друкаваць іх яшчэ нельга. Вось табе і на! А настаўнікі ж хвалілі, змяшчалі мае вершы ў школьным пасценным друку, лічылі мяне ледзь не пясоцкім Пушкіным... Праўда, пасля гэтага я дзён дзесяць не браўся за аловак, але ад вершаў адмовіцца не мог. Лезлі яны з маёй галавы, як кастрыца з церніцы, хоць толку ад іх не было ніякага. Затое амаль праз дваццаць год яны былі мабілізаваны партызанамі на добрую справу — на цыгаркі.
Скончана сямігодка. Бацька запрог каня ў драбіны, у палукашак наклаў сена і заслаў яго выцяганкай-гонькай. У торбе ў мяне кавалак сала, добрая буханка хлеба, а ў кішэні аж пяць рублёў грашыма. Вось і станцыя Негарэлае, а там і Мінск. Ён мне ўяўляўся нейкім казачным, забудаваным толькі белымі каменнымі палацамі. На справе ж аказалася, што белых палацаў было мала, а шмат драўляных хат, такіх жа ўрослых у зямлю, як і ў нас, на вёсцы. Толькі шуму і ляскату больш.
Стрэў мяне горад ветліва, але гэтая ветлівасць была нядоўгай. Праз тры дні мяне папрасілі пакінуць пакой у Доме селяніна. Больш як тры дні тут жыць не дазвалялася. А што ёсць гасцініцы, дзе за плату можна жыць колькі хочаш, я тады не ведаў. Куды пайсці, дзе знайсці прытулак? У рамесніцкім вучылішчы, куды мяне залічылі на дрэваапрацоўчае аддзяленне, агульнага памяшкання не было. Ды мяне і не вабіла дрэва. Дошкі, гэблікі! Я на іх нагледзеўся і на вёсцы. От каб у слясарны цэх мяне прынялі, іншая справа. Усё-такі жалеза не дрэва! Я тады лічыў, што і таго, што ведаў пра дошкі, з мяне хопіць,— тут асаблівай навукі не трэба.
Прыйшлося забраць дакументы з рамесніцкага вучылішча. Зайшоў я ў канцылярыю белпедтэхнікума. Патоўкся трохі там, пагутарыў з хлапцамі, якія тут былі. Сумна стала. Паступаючых сюды вельмі многа. А маё пасведчанне аб заканчэнні сямігодкі магло б быць лепшым. У графе «Беларуская мова і літаратура» напісана: «Запушчаны прадмет. Прычына: слабае старанне». Гэта не так. Але нічога не паробіш. Мову сваю я люблю і літаратуру ведаю. Гэта помста мне за тое, што часта папраўляў настаўніцу на ўроках. Яна слабавата ведала свой прадмет. Відаць, трэба было маўчаць, а я не маўчаў. Парадокс. Пішу вершы, ведаю дзесяткі вершаў беларускіх паэтаў на памяць, і вось табе — слабае старанне. Не! З такімі дакументамі мяне не прымуць. I мне параілі падацца на двухгадовыя педкурсы пры белпедтэхнікуме. Але і тут мне не пашанцавала: у спіску залічаных студэнтаў мяне няма. Я толькі дваццаць дзевяты кандыдат. Гэта значыць, калі дваццаць дзевяць чалавек выбудзе, тады мяне залічаць на вучобу.
Што рабіць? Ехаць дадому сорамна. I я дамоў не паехаў. Напісаў бацьку, што вучуся, але пакуль што адрасу свайго не ведаю. I я вучыўся. Хадзіў на заняткі кожны дзень, сядзеў у самым кутку і слухаў лекцыі. Мяне ніхто не выганяў з класа, але ніхто і не пытаўся, хто я і чаго тут сяджу. Настаўнікі яшчэ не ведалі ўсіх студэнтаў і таму думалі, што і я студэнт. I толькі на другі месяц Сяргей Віктаравіч Замбржыцкі, выкладчык беларускай мовы і літаратуры, раптам заўважыў пабочнага чалавека.
— А вы хто?
Я адказаў, што хачу вучыцца.
— Дык вас жа не прынялі.
I тут заступіліся за мяне хлопцы, з якімі я ўжо змог пасябраваць. Яны расказалі настаўніку, што я ўжо другі месяц акуратна прыходжу на заняткі, пішу вершы і яны просяць пахадайнічаць перад дырэкцыяй аб залічэнні мяне на педкурсы.
— А дзе ж ён жыве?
— Ды дзе папала,— адказалі хлопцы.— То ў нас часам пераспіць, то ў вартаўніка агульнага памяшкання, а то начуе на скверах і ў пад'ездах.
— Цікава. Глядзі ты, які настырны,— і Сяргей Віктаравіч запісаў маё прозвішча ў блакноцік.— Паспрабую закінуць за цябе слова на педсавеце. А цяпер давай, брат, пачытай свае вершы, калі ты іх пішаш.
I я чытаў вершы спачатку нясмела, а потым больш харобра. У класе стаяла цішыня, а настаўнік раз-пораз церабіў сваю чорную бародку і ўсміхаўся. А гэта мне надавала адвагі.
— Ага, іш ты яго. Дык гэта ж не так і блага. Можа з цябе і паэт будзе. Ну, што ж, хочаш вучыцца — будзеш вучыцца.
Студэнты дружна зашумелі. I асабліва стараўся Міхась Багун, які ўжо тады быў прызнаны паэт. Ён падзякаваў Замбржыцкаму за ўвагу да мяне і запэўніў, што я буду вучыцца не абыяк, а добра. Так я стаў сапраўдным студэнтам. У агульным памяшканні сябры крыху паціснуліся і паставілі ў сваім пакоі трыццаць першы ложак для мяне.
Два гады праскочылі неўзаметкі. На кожным студэнцкім вечары я чытаў свае новыя вершы, запрашаўся ў прэзідыум, быў членам студкома. I, прызнацца, трохі пачаў задзіраць нос перад сябрамі. Выбраў нават модны сабе псеўданім — «Якім Зорны». Рэспубліканская газета «Чырвоная змена», а потым «Савецкая Беларусь» пачалі друкаваць мае творы. Яны, бясспрэчна, былі яшчэ не бог ведае якія, але ўсё-такі былі. Пiсаў і пад Паўлюка Труса, і пад Сяргея Ясеніна, пераймаў сёе-тое і ў Міхася Багуна. I тут спасцігла мяне бяда. Жыў сярод нас Мікола Міцкевіч, ён сам спрабаваў пісаць, але горш, чым я, і вучыўся не вельмі. Але гонару ў яго было хоць адбаўляй. I вось ён аднойчы залез у мой чамадан, украў частку маіх чарнавых рукапісаў вершаў, нататак і аднёс у рэдакцыю, наплёўшы на мяне ўсялякай лухты. Трэба сказаць, што Ясенін тады быў не ў пашане, а я меў пры сабе яго томік. З гэтага і пачалося. Карэспандэнт «Чырвонай змены» Пятро Шамшур павэдлуг маіх вершаў і нататак напісаў вялікі фельетон з гучнай назвай «Супраць астрэйкаўшчыны». Дасталося там і Ясеніну, і Трусу, а мне дык хоць ідзі ды ўтапіся. На два дні былі спынены заняткі. Толькі і гамонкі на студэнцкім сходзе было, што пра гэты фельетон. Як мяне не прабіралі, як не лаялі! Я аказаўся апалагетам суму і ўпадніцтва ды бог ведае яшчэ чаго. Адным словам, мне не месца не толькі ў камсамоле, але і ў студэнцкай сям'і. Добра, што змайшліся разумныя людзі з выкладчыкаў і камсамольцаў, якія ва ўсім разабраліся і маіх зневажальнікаў заклікалі да парадку. Такім чынам, я нечакана стаў папулярным сярод мінскага студэнцтва.
15 мая 1930 года адбыўся датэрміновы выпуск. Студэнты белпедкурсаў атрымалі дыпломы настаўнікаў. Я ж па запрашэнню рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына» паехаў у старадаўні Полацк. Гэтая яго старадаўнасць, уласна кажучы, і заманіла мяне туды. Душа прагла нейкай экзотыкі, нечага невядомага і незвычайнага. Горад мне спадабаўся. Ён быў невялікі, але ўтульны, з прыгожай Дзвіною, з замчышчамі, з валам Івана Грознага, цудоўнай Сафіяй. Душа радавалася і ад таго, што калектыў рэдакцыі «Чырвонай Полаччыны» прыняў мяне, як даўняга знаёмага. Адзін адразу прапанаваў куток на сваёй кватэры, другі паабяцаў узяць у вандроўку на лодках па Дзвіне і па Дняпры... Рэдактар Янка Паўлоўскі ціснуў руку, падбадзёрваў, клапаціўся аб маім уладкаванні ў газеце.
Літаратурнае жыццё ў той час бурлiла ў Полацку. Вакол акруговай газеты групаваўся вялікі калектыў ахвотнікаў да літаратурнай працы; творы пачынаючых пісьменнікаў рэгулярна друкаваліся ў літстаронках і альманахах. I завадатарам у нас быў заўсёды сам Янка Паўлоўскі, стары бальшавік, цудоўны чалавек і выдатны журналіст. Амаль кожную суботу мы наладжвалі літаратурныя вечары ў горадзе, да якіх спецыяльна пісалі вершы, гумарэскі. Часта мы збіраліся таксама ў рэдакцыі і на кватэры ў Тараса Хадкевіча. На сходкі прыходзілі Міхась Багун, Эдуард Самуйлёнак, Язэп Козік, Язэп Саўчанка, Макар Грашчанка, Мікола Віленчык. Больш двух год я папрацаваў у Полацку.
Юнацтва! Як яно хутка праляцела! Вось я зноў у Мінску. Вучоба ў педінстытуце імя Горкага. Праца ў рэдакцыі «Калгасніка Беларусі», у часопісе «Напагатове». I зноў пацягнула мяне на перыферыю, у Оршу, у рэдакцыю газеты «Ленінскі прызыў», а потым у Горкі, дзе я працаваў у газеце «Ленінскі шлях» і выкладаў беларускую мову і літаратуру ў вячэрнім рабфаку пры сельскагаспадарчай акадэміі. Нарэшце я зноў у Мінску ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Тут я сабраў усё, што было напісана, і лепшыя вершы выдаў асобным зборнікам у 1940 годзе пад назвай «Слава жыццю». Другі зборнік, які меўся выйсці ў 1941 годзе пад назвай «Квецень», так і не ўбачыў свету. Загінуў у полымi вайны.
Вайна. Агонь і дым. Кроў і смерць. Брыдзём мы з Хвядосам Шынклерам і Васілём Віткам па Магілёўскай шашы на ўсход. Шынклер з сям'ёй. Мы — адны. Дзе нашы сем'і? Што з імі? Ці давядзецца пабачыць сваіх родных і блізкіх? Хвядос Шынклер звярнуў на Барысаў. Ён хоча сесці на поезд. Падзялілі махорку. Абняліся. Больш мы з ім ужо не сустрэліся.
...Брыдзём з людскім натоўпам далей. Вітка хворы. Ісці яму цяжка. Дарога пад бомбамі. Мы збочваем. Беразіна. Сотні людзей ля парома. Пераправіліся на той бок. Трэба падаць паром назад. Раптам аднекуль гул. Засакаталі кулямёты. Бомба. I ад парома ўзляцелі адны бярвенні ды трупы людзей...
Суровы Магілёў. Зноў няспынныя бамбёжкі. Горад пакідаюць жыхары. На захад ідуць нашы войскі. Мы крочым далей па Доўскай шашы. Недзе грымяць стрэлы. Гэта фашысцкія парашутысты сеюць паніку. Нам трэба ісці на Гомель. Па шашы бліжэй. Але мы паварочваем на прасёлачную дарогу і прыходзім у Чачэрск. Ісці прама было небяспечна. Тут ціха. Не чуваць водгулля вайны. Людзі распытваюць, як там Мінск, Магілёў. У Мінску вораг. Ідзе барацьба за Магілёў. Нарэшце мы ў Гомелі. Тут рэдакцыя газеты «Звязда». Мяне залічылі адказным сакратаром газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Я ніколі не пісаў сатырычных вершаў. Але трэба. Першыя спробы нязграбныя. На рускай мове блытаю націскі, ледзьве знаходжу рыфмы. А мне ж здавалася, што ў рускай мове іх безліч. За паўтара месяца мы выдалі дваццаць нумароў газеты-плаката. Я ўжо трохі налаўчыўся. Гомель штодзённа бамбяць фашысты. Трэба выдаваць чарговы нумар, і я забываю пра бомбы. Горад становіцца бязлюдным, гарыць. Раз'юшана гойсаюць фашысцкія бамбавозы. Цяжка пакідаць родную зямлю, але трэба.
...Сноўск. Канатоп. Бахмач. Тула і Курск, Арол і Мцэнск. Цяжка ўспамінаць пра той балючы і горкі час. Колькі прыйшлося павандраваць з паходнай друкарняй па далёкіх рускіх дарогах, пакуль мы не асталяваліся ў Маскве. Тут, у сталіцы нашай Радзімы, мы выдавалі сваю газету-плакат, якая вялікімі тыражамі адвозілася самалётамі і распаўсюджвалася на беларускай зямлі, акупіраванай гітлераўцамі. З Масквы ўлетку 1942 года я быў накіраваны да партызан Віцебшчыны. I туды і назад, пасля выканання задання, прабіраліся пешшу цераз лінію фронту.
У Маскве я зноў доўга не затрымаўся. Здаўшы рэдакцыйныя справы паэту Антону Бялевічу, у 1943 годзе на самалёце быў перакінуты да партызан Мінскай вобласці. Хадзіў я па Мінскай, Пінскай і Гомельскай абласцях з атрада ў атрад, збіраў матэрыял аб народных мсціўцах, пісаў вершы, якія тут жа чытаў на партызанскіх сходах і вечарах на лясных палянах і ў вёсках. Абыходзячы нямецкія гарнізоны цераз глухія і непраходныя нетры, правальваючыся часамі аж па пояс у брудную твань, праз бары і пушчы, па незлічоных дарогах і ледзь прыкметных сцяжынках блукаў я з аўтаматам і алоўкам па роднай зямлі, высочваючы з партызанамі ворагаў, падсцерагаючы іх у дождж і снег, цёмнай ноччу і днём.
I ўсюды сустракалі мяне нашы людзі з адкрытым сэрцам і радасцю, дзяліліся апошнім кавалкам хлеба і драбком солі. А соль была ў нас на вагу золата. Я і зараз гляджу на соль з вялікай павагай, як на нешта вельмі значнае і дарагое. А мне давялося некалькі месяцаў не бачыць яе ў вочы.
Пісаў я для падпольных газет частушкі, баявыя заклікі, прымаўкі, байкі і вершы. Паасобныя мае вершы партызаны перапісвалі ў свае сшыткі, змяшчалі ў баявых насценных лістках, а то проста вывешвалі на шчытах каля населеных пунктаў і партызанскіх зямлянак. Супрацоўнікі слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец» сабралі лепшыя мае вершы і выдалі асобным зборнікам пад назваю «Слуцкі пояс». Прадмову да кніжкі напісаў сакратар Слуцкага падпольнага райкома партыі Іпаліт Канановіч. Рэдагаваў кніжку партызан Мікола Дастанка, а афармлялі яе, выразалі застаўкі з дубовых і бярозавых чурак партызаны-разведчыкі Саша Бяляеў і Саша Залаты. Паперу для кніжкі здабылі ў адным з баёў з фашысцкімі захопнікамі. Замест фарбы была вакса з сажай.
У 1944 годзе мяне адклікалі на Вялікую зямлю. Тут я сабраў свае партызанскія вершы і творы ваеннага часу і падрыхтаваў зборнік «Крамлёўскія зоры».
У ліпені 1944 года, пасля вызвалення Мінска, разам з калектывам газеты-плаката я вярнуўся ў родную сталіцу. Калі скончылася вайна, газета-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» была перайменавана ў часопіс «Вожык», у якім я застаўся адказным сакратаром. У 1946 годзе мяне накіравалі ў Гродна для арганізацыі аддзялення Саюза савецкіх пісьменнікаў, якое я і ўзначальваў каля двух год і адначасова працаваў літаратурным кансультантам у газеце «Гродзенская праўда».
Пачынаючы з 1947 года, трывала асталяваўся ў Мінску як пісьменнік-прафесіянал.
За час свае літаратурнай працы выдаў зборнікi вершаў: «Слава жыццю» (1940 г.), «Слуцкі пояс» (1943 г.), «Звездная дорога» (выдавецтва «Молодая гвардия», 1943 г.), «Крамлёўскія зоры» (1945 г.), «Лесные огни» (выдавецтва «Советский писатель», 1945 г.), «Добры дзень» (1948 г.), «Елка» (1949 г.), «Зямля мая» (1952 г.), «Песня дружбы» (1956 г.), «Прыгоды дзеда Міхеда» (1956 г.; другім, дапоўненым выданнем гэта паэма выйшла ў 1959 г.), «Бацька мой Нёман» (1961 г.).
Пробую свае сілы ў драматургіі і ў прозе. Многія мае вершы пакладзены на музыку рускімі і беларускімі кампазітарамі. З песень на мае тэксты больш папулярнымі сталі «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шоўкавыя травы», «Песня мінаеўцаў». Вершы мае перакладаліся шмат на якія мовы народаў Савецкага Саюза і замежных краін.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак пашаны», пяццю медалямі і Ганаровымі граматамi Вярхоўных Саветаў БССР і Малдаўскай ССР.
10 кастрычніка 1962 г.