Галоўная Эдзі Агняцвет Аўтабiяграфiя
18 | 05 | 2012

Аўтабiяграфiя

---:
Рейтинг:
4.2/5 rating (20 votes)
::

Я нарадзілася 11 кастрычніка (новага стылю) 1916 года ў горадзе Мінску.

Маці, якая доўгі час працавала ў мінскай бібліятэцы імя Пушкіна, навучыла мяне з маленства любіць кнігі.

Яна першая раскрыла перада мной хараство казак Пушкіна, вершаў Лермантава, твораў Талстога. У Пушкінскай бібліятэцы мне давялося ўпершыню ўбачыць беларускіх пісьменнікаў: там мая маці — вялікая аматарка паэзіі — часта арганізоўвала вечары беларускай літаратуры...

Бацька працаваў прарабам па лесасплаву і лесанарыхтоўках і навучыў мяне любіць прыроду. Калі я думаю пра яго, то, перш за ўсё, успамінаю адну раніцу. Гэта было ў 1931 годзе. Наша сям'я прыехала на лета да бацькі, які працаваў у Лоеўскім леспрамгасе. Я ўпрасіла бацьку ўзяць мяне з сабою на Украіну. Ён пабудзіў мяне на золку. Паплылі на чаўне па Дняпры да ўкраінскага пасёлка Радуль.

За намі застаўся Лоеў, дзе зліваецца Сож з Дняпром; віднеўся высокі зялёны бераг, і на ім — сосны, бярозы і невялікія домікі. Неба над намі было незвычайнай чысціні. Такім жа чыстым і шырокім быў Дняпро.

Бацька — чалавек немнагаслоўны і задуменны — толькі вачыма паказваў на прасторы свету: «Глядзі, дзівіся!»

Гэтак мы плылі з Беларусі на Украіну, дзе бацьку чакалі неспакойныя хлопцы з «Украінлеса», чакалі будзённыя турботы, цяжкасці і радасці.

Мне хочацца ўспомніць добрым словам і свайго першага настаўніка Канстанціна Іванавіча Кернажыцкага. Я вучылася ў 3-й беларускай школе г. Мінска, недалёка ад нашага дома, які знаходзіўся на Ленінградскай вуліцы. Тады ў адным памяшканні займаліся вучні трох школ: 9-й рускай, 3-й беларускай і 33-й польскай.

Калі мы прыйшлі ў першы клас, нашаму настаўніку было, здаецца, дваццаць два гады. Мы думалі, што ён стары. Але справа не ў гэтым. Ён прыходзіў да нас і чытаў беларускія народныя казкі, вершы Купалы, Коласа, Багдановіча, байкі Крапівы. Мы слухалі як зачараваныя. А пасля, калі ўжо самі навучыліся чытаць,— не маглі ўявіць сабе жыцця без кнігі, без літаратуры.

Аднойчы, калі я ўжо была ў сёмым класе, Канстанцін Іванавіч заўважыў на парце сшытак з маімі першымі вершамі. (У той час я магла за адзін вечар напісаць чатыры ці пяць вершаў.) Настаўнік параіў звярнуцца да Янкі Купалы.

Не! Я не магла адважыцца на такі крок. Паэт уяўляўся мне незвычайным чалавекам, богам! Хіба можна яго турбаваць сваімі вучнёўскімі вершамі?

Але, пасля доўгіх ваганняў і сумненняў, я ўсё ж пайшла на Кастрычніцкую вуліцу. Доўга хадзіла па гэтай ціхай вуліцы, баючыся пастукаць у запаветную калітку.

...Да мяне выйшаў высокі светлы чалавек, паглядзеў добрымі, праўдзівымі вачыма і папросту запрасіў зайсці ў хату.

Помню вялікі круглы стол, на якім ляжала мноства кніг і часопісаў. Янка Купала запытаўся, што чытаюць мае школьныя таварышы і я сама. Параіў вучыцца, чытаць творы Някрасава, Шаўчэнкі, Горкага, Багдановіча...

Для паэта на пачатку яго творчага жыцця вялікае значэнне мае першае, пачутае ад старэйшага, добразычлівае слова,— яно акрыляе, падтрымлівае веру ў свае сілы.

...На развітанне Янка Купала нарэзаў букет ружаў. Ніколі потым у жыцці я не бачыла такіх дзівосных ружаў. Калі вярталася дадому, мне здавалася, што кожны сустрэчны ведае: я нясу букет, падораны Янкам Купалам!

А тым часам жыццё ішло. Я скончыла сямігодку. Бацькам маім нялёгка жылося, і я пайшла працаваць.

Каля года была вучаніцай на мінскім машынабудаўнічым заводзе «Камунар» (цяпер завод імя Кірава). Пасля вучылася ў будаўнічай прафтэхшколе.

Калі я сустракаю цяпер навучэнцаў школ ФЗН і тэхнічных вучылішчаў, міжволі згадваю нашу прафтэхшколу. Але якая вялікая розніца ва ўмовах!

Неяк увосень 1962 года да мяне зайшла мая знаёмая — вучаніца з тэхнічнага вучылішча пры паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа. Яна пахвалілася, паказваючы на вялізны пакунак, які ледзь змагла дацягнуць:

— Вось нам выдалі бясплатна вопратку, бялізну і абутак на зіму...

А мы вучыліся ў пачатку трыццатых гадоў і часта недаядалі, мерзлі, працуючы ў халодных майстэрнях. З тых дзён я навучылася любіць і шанаваць чалавека працы.

У прафтэхшколе ўступіла ў камсамол.

Беларускую мову і літаратуру нам выкладаў Алесь Іванавіч Якімовіч. Ён вучыў нас, як трэба чытаць кнігу, часта праводзіў цікавыя літаратурныя канферэнцыі. Я пісала вершы пра сваё пакаленне, якія друкавала ў газетах «Піянер Беларусі» і «Чырвоная змена».

Першы мой зборнік, які выйшаў у 1935 годзе, так і называецца — «Маё пакаленне».

Да вайны скончыла літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага, працавала ў рэдакцыі дзіцячага радыёвяшчання.

За год да вайны памёр мой бацька.

У ваенны час лёс закінуў мяне ва Узбекістан. Знаходзячыся далёка ад беларускай зямлі, я ўвесь час жыла думкай пра яе. Часта бывала ў вайсковых часцях і на вакзалах, чытала вершы байцам, што адпраўляліся на фронт.

Амаль кожны дзень выступала ў шпіталях. Там сярод параненых нярэдка сустракала нашых землякоў-беларусаў. Асабліва запомніліся партызанка Фёкла Фёдараўна Струй і Герой Савецкага Саюза палачанін Андрэй Яфрэмавіч Пісарэнка. Цяжка параненыя, яны засталіся мужнымі, духоўна стойкімі людзьмі.

Я ўдзячна лёсу за тое, што ў той час сустрэла добрых, шчырых узбекскіх сяброў-пісьменнікаў Зульфію, Андын, Яшэна, Уйгуна, Айбека, Фатхуліна і многіх iншых.

Сапраўдным бацькам у час вайны з'явіўся для мяне Якуб Колас. Сваімі клапатлівымі, цёплымі адносінамі ён падтрымаў мяне ў самыя цяжкія хвіліны жыцця.

...У верасні 1941 г. пад Ельняй загінуў мой брат Барыс, які ў першыя дні вайны пайшоў добраахвотнікам на фронт.

У ваенныя гады я напісала зборнікі вершаў «Другу на фронт», «Простыя песні», «Міхасёк», лібрэта оперы-казкі «Джанат» — аб дружбе беларускіх і ўзбекскіх дзяцей.

Пасля сканчэння вайны вярнулася ў Мінск. Працавала некаторы час у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі рэдактарам мастацкай літаратуры.

Найбольш хвалюе мяне тэма: нашы дзеці. На дарогах вайны бачыла я счарнелых, бяздомных дзяцей. Гэта не павінна паўтарыцца ніколі! Дзецям прысвяціла я паэмы «Песня пра піянерскі сцяг», «Будзем сябраваць», «Навальніца над Сожам», «Незвычайныя канікулы», лібрэта оперы «Марынка» (музыка Р. Пукста) і некалькі зборнікаў вершаў.

Мне хацелася б столькі ж душэўных сіл аддаць і другой тэме — машым будаўнікам. Відаць, хвалюе гэта тэма таму, што маім другам-мужам з'яўляецца будаўнік. Тое нямногае, што напісана пра будаўнікоў у зборніку вершаў «Беларуская рабіна», навеяна асабістымі сустрэчамі з людзьмі, якія з'яўляюцца сябрамі маёй сям'і.

Хочацца працаваць і ў жанры лірыкі. На некаторыя мае лірычныя вершы напісана музыка кампазітарамі Лукасам, Падкавыравым, Чуркіным, Аладавым, Алоўнікавым, Глебавым.

Здаўна люблю песні Беранжэ. Жадаючы перакласці іх на беларускую мову, я пачала вывучаць французскую мову. Думаецца, што песні Беранжэ па сваёй народнай сутнасці, дасціпнасці, вастрыні думак, музычнасці сугучныя некаторым беларускім народным песням і вершам ранняга Купалы.

У 1960 годзе выйшлі з друку ў маім псракладзе выбраныя песні Беранжэ. Пераклала і кнігу вершаў французскіх паэтаў для дзяцей «Краіна Паэмія».

Пабывала ў Балгарыі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, а таксама ў Вене і ў Белградзе.

Часта наведваю школы, бібліятэкі і прадпрыемствы рэспублікі, вяду грамадскую работу ў Саюзе пісьменнікаў у секцыі літаратуры для дзяцей і юнацтва.

Чым далей, тым усё больш і больш творчыя трывогі і турботы не даюць мне спакою. Паэт павінен быць на перадавой лініі жыцця, і я многа думаю аб сваім абавязку перад чытачом. Адчуваю, што зроблена яшчэ мала, што я — у вялікім даўгу перад нашым чытачом, перад Камунiстычнай партыяй, членам якой з'яўляюся.

27 лістапада 1962 г.

Каментарыi:

Add comment

Security code
Refresh

Rating All.BY Каталог TUT.BY