Заглядваючы ў сябе...
Біяграфія пісьменніка — гэта перш за ўсё яго творы, бо справа пiсьменнiка — яго слова. Ну, а калі ў аўтара ўсяго адна ці дзве кнiгi? Тады, мабыць, у біяграфіi i варта адзначыць толькi тое, што паслужыла штуршком і матэрыялам для напісання гэтай адной ці дзвюх кніг.
Неяк я глядзеў, як заходзіла сонца над возерам. Чырвоны слуп на вадзе, а над ім — вогненная кропля. Як перавернуты чырвоны клiчнiк! Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвілiну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Вось ты глядзіш бачыш, але гэта знікае, знікне. Можа заўтра і паўторыцца, але ўжо не так і не тое. Хацеў бы аднавіць для другіх, дык і не змог бы. Хіба каб умеў маляваць акварэллю.
I падумалася: мабыць, з гэтага пачуцця суму перад цякучасцю жыцця, імгненнасцю прыгажосці нараджаецца ў чалавеку цяга пісаць, маляваць, ляпіць. Я тут не гавару аб вытоках мастацтва наогул, хачу расказаць толькі аб тым, што прымусіла мяне самога пісаць.
Вельмі люблю (за дакладнасць) вось гэтую думку А. Твардоўскага:
Вся суть в одном-единственном завете:
То, что скажу, до времени тая,
Я это знаю лучше всех на свете —
Живых и мертвых,— знаю только я.
Вядома, вельмі важна, што ты ведаеш «лепш за ўсіх на свеце» і што хочаш расказаць. Для майго пакалення гэтае «што» — перш за ўсё Айчынная вайна і тыя думкі аб даваенным і пасляваенным, якія яна абудзіла. Мы ж сталелі ў ваенны час. Што мы асабліва разумелі да 1941 г., тыя, каму было 14 або 15 гадоў! Ну вось я: жывучы ў рабочым пасёлку Глуша, што на Бабруйшчыне, «на памяць» ведаў «свой» лес, не горш, чым аднатомнік Пушкіна, у якога быў закаханы, як у жывога, трэці раз пачаў чытаць «Вайну і мір» і вельмі ж любіў у кнігах разуммыя, не зусім мне зразумелыя размовы і разважанні, а таму захапіўся «Жыццём Кліма Самгіна» і Бялінскім... Для сямікласніка як быццам і не мала. Ну, а што я ведаў аб жыцці, што думаў аб той страшэннай пагрозе, якая ўжо навісла на захадзе?
Было адчуванне, што некалі, вельмі, вельмі даўно адбылася рэвалюцыя, прайшла грамадзянская вайна, пасля якой усталявалася жыццё адзіна магчымае і разумнае, і незразумела было, як гэтага не бачаць людзі ў іншых краінах, нават тыя ж буржуі. Мы ведалі, што вайна можа ўспыхнуць, і дакладна ведалі, якой яна будзе — па кінафільмах. Гармонію ў думках не парушыла ні нечакана цяжкая фінская кампанія, ні іншыя падзеі. Абышоў нашу сям'ю 1937 год, таму і аб гэтым глыбока не задумваўся, і нават боль і сум у вачах сяброў-аднагодкаў мала аб чым гаварылі мне.
Два чалавекі ў той час былі для мяне вышэйшым «мужчынскім» аўтарытэтам: бацька і брат маёй мацi, любімы ўсёй нашай шматлікай сям'ёй — Тычына Антон Мітрафанавіч, матэматык-настаўнік, у якога на Хоцімшчыне я жыў і вучыўся адзін год. Даводзіцца сёння чуць размовы аб тым, што вось «культ» прымушаў чалавека быць і такім і гэтакім. I таму, маўляў, усё, што хто рабіў, мае сваё апраўданне. Натуральна, што я бачыў і ведаў толькі тых, хто быў бліжэй. Але калі гэтыя не пераставалі быць самімі сабой, значыць, іншыя таксама.
Бацька працаваў урачом і быў, як я потым зразумеў, інтэлігент з вельмі моцнай закваскай таго «разначынца», які так характэрны для рускай рэчаіснасці. Падняты савецкай уладай і на сялянскія рублі да адукацыі, ён жыў толькі сваёй справай. Для ўласнага дома ў яго вельмі мала заставалася часу, слоў, нават усмешак. Які ён дома гаспадар быў, паказвае такі выпадак: едзе ён да хворага, калгаснік бачыць статак кароў і кажа: «Добрая ў вас кароўка, доктар».— «А якая тут наша?» — вельмі зацікавіўся доктар. Ноччу ў доме заўсёды сядзелі людзі, чакалі, калі доктар прыедзе ад хворага, каб зноў забраць і везці яго.
Потым, калі я хадзіў з партызанамі па Бабруйшчыне, я добра вывучыў радыус аўтарытэту даваеннага сельскага ўрача. Здаралася, што кіламетраў за 30–40 ад Глушы бабка, даведаўшыся, што «гэта ж доктараў са шклозавода», пачынала галасіць:
— А божачка мілы! I таксама ходзіць, галодненькі, з вінтовачкай!..
Хапай шапку і бяжы. Хлопцы, зразумеўшы, што на «доктаравым аўтарытэце» можна яешню і шклянку самагонкі зарабіць, не раз спекулявалі на гэтым.
Калі грымнула вайна, многае мы не гатовы былі сустрэць і зразумець. Але сустрэлі і зразумелі — бяда прымусіла. Падзеі не развіваліся так, як думалася да вайны. Але, здаецца, ніколі людзі не адчувалі, як патрэбна ім і дорага тое, на што замахнуўся фашызм. Ну, а пра ўчарашніх школьнікаў, якім быў і я, і казаць не трэба. Яны і слухаць не хацелі, што ўчора нешта было не так. Праўда, здзіўляла, што знайшліся і баязліўцы, і здраднікі, і садысты-паліцаі. (Тады думалася аб адным: як бы іх усіх знішчыць. Сёння важна задумацца над тым, на якой глебе такія вырастаюць і чаму?) Але яшчэ больш людзей раскрылася для мяне з добрага боку. Аказалася, што я нават уласную маці па-сапраўднаму не ведаў. Любіў — і толькі. А як чалавека ўбачыў і зразумеў, калі пачалося страшнае жыццё. Калі мне што і ўдалося ў рамане «Вайна пад стрэхамі», дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём.
Рабочы пасёлак Глуша жыў у час акупацыі, як тысячы іншых вёсак і пасёлкаў. I як усюды на Беларусі — дзе немцы, там абавязкова і сваё, малое ці вялікае, падполле. Маці ўвайшла ў яго неяк вельмі натуральна, проста, як да гэтага варыла абеды для бежанцаў ці карміла разам з усімі жанчынамі палонных чырвонаармейцаў. Але быў і афіцыйны рубеж: снежань 1941 г.— атрымана першае заданне ад партызан. Ужо ў пачатку 1942 г. я, а яшчэ больш старэйшы брат Жэня, ведалі, што аптэка працуе на партызан. Партызанка была побач, у сям'і, але я марыў аб «сапраўдных». I тое нямногае, што даручала і баялася даручаць нам маці ці Шуст Пеця — наш сваяк, а потым — вясёлы і бесклапотны партызан Каваленка Міша, які хадзіў па пасёлку з паліцэйскай павязкай, усё гэта радавала, але не здавалася «сапраўдным». Хацелася ў лес, да тых, каго лічыў усіх да аднаго героямі — да партызан.
Толькі нядаўна я скончыў раман «Сыны ідуць у бой» — аб іх, аб «сапраўдных партызанах». Вядома, рэальныя партызаны аказаліся зусім не такімі, якімі мне тады ўяўляліся. Горшымі? Не. Лепшымі? Не. Аказаліся жывымі людзьмі, а жывых адным словам не вызначыш.
Калі да таго я адкрываў для сябе іншых людзей, дык тут, у партызанах, адкрыў самога сябе, бо страх смерці прасвечвае чалавека да дна — глядзі, які ты, і, калі можаш, старайся рабіцца трохі лепшым.
У самым канцы 1943 г. атрад імя Кірава, у якім я прабыў амаль год, пайшоў на злучэнне з Савецкай Арміяй. Не трэба казаць, якое гэта было шчасце. Але здарылася так, што для вельмі многіх з нас гэта быў апошні шлях. Толькі некаторым удалося перайсці фронт. Другія загінулі каля Бярэзіны ці вярнуліся ў свае лясы, дзе іх чакала блакада. Адзін, не ведаючы, дзе маці, брат (бацька ў арміі, але таксама — дзе?), апынуўся я за фронтам. Жывы, 17 год, ехаць можаш, куды хочаш, бо ўсё роўна білета не купляць — грошай жа няма. Паехаў на Алтай, успомніўшы, што ў Ленiнагорску жыве цётка. (Гэта было першае маё падарожжа, але не апошняе. Нідзе так не жывеш, як у дарозе, і добра, калі ўсё жыццё дарога.) Да лета 1945 года прабыў на Алтаі, спрабуючы вучыцца і працаваць. Не ведаў, ці адзін я на свеце, ці хто-небудзь з самых блізкіх застаўся жывы, але цвёрда ведаў — дом там, на Беларусі. Спачатку вельмі спадабаліся горы: прадгор'і, як тлустыя парасяты да маткі, прыпалі да галоўнага хрыбта. А потым хвалявала (да слёз) у пейзажы толькі адна мясціна — хваёвая раўніна, ну якраз як на Бабруйшчыне!
Мабыць, мала якой сям'і так пашчасціла, як нашай: усіх раскідала вайна па аднаму, і ўсе знайшлі адзін другога.
Пасля васьмі класаў і першага курса горна-металургічнага тэхнікума паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт... Але пасля вайны такое было звычайнай з'явай. Паступіў на філфак, хоць усе ў сям'і — медыкі. Вельмі ж цягнула да літаратуры, а пра тое, што пчаляр звычайна перастае любіць мёд, а чалавек ходзіць босы, калі робіць прафесіяй шавецкую справу — пра гэта неяк не ўспомнілася. Кажучы шчыра, не раз шкадаваў потым, што не набыў ніякай «пабочнай» прафесіі.
Вельмі хацелася расказаць пра перажытае, бачанае ў час вайны. I чым больш чытаў аб вайне, тым больш верыў, што «маё» яшчэ не расказана. А тут яшчэ, прызнаюся, сны падганяюць, палохаюць (усё адзін і той жа сон — у дваццаты, у трыццаты раз): быццам пачалася вайна, не то старая, не то новая, трэба зноў ісці ў лес. Калісьці проста рваўся туды. А тут не. Не хочацца вось так, адразу: пабыць бы дома хоць трохі, а то заб'юць абавязкова, а разам з табой — і ненапісаную кнігу аб мінулай вайне, тую, што ніхто, нават геній, не напіша (напіша геніяльную, але не гэту, не тваю)... Наіўная, смешная і нават не вельмі сціплая ўпэўненасць, што ты нешта ведаеш, бачыў, адчуў такое, што варта паведаміць іншым. Але ж цяжка дыктаваць сабе самому сны... Мабыць, гэта звычайны чалавечы сум ад думкі, што разам з табой знікне і тое, што адчуў, зразумеў: вось як той заход сонца над возерам...
Дарэчы, пасля таго, як надрукаваны быў першы раман, сны гэтыя прапалі і не вярталіся.
Вучыўся ў аспірантуры пры Белдзяржуніверсітэце (1950–1953 гг.) і працягваў пісаць «асобныя старонкі» свайго будучага твора (не «Вайны пад стрэхамі», а таго, што толькі нядаўна скончыў і назваў «Сыны ідуць у бой»). Пісаў хаваючыся, але ад сяброў, з якімі і лыжка і грошы агульныя, не вельмі нешта ўтоіш. Знойдуць твае «фрагменты» і дапішуць, ды такое, што тут і не скажаш... Аднойчы пытае ў маіх хлопцаў знаёмы прафесар: «А дзе ж?..» I назваў маё прозвішча.
— Усё романы піша,— адказваюць яму.
— Няўжо? А здаецца ж, разумны хлопец.
Вельмі ўдзячны лёсу, што не асмеліўся тады напісаць і паспрабаваць надрукаваць нешта закончанае. Сапсаваў бы, мабыць, матэрыял. Перачытваючы тыя запісы, бачу, што «зносіла» мяне моцнымі вятрамі таго часу: не-не ды і пачынаў пісаць не так, «як яно было», а так, «як павінна было быць». I іменна таму, што не адчуваў магчымасці расказаць аб тым, «што ведаю лешп за ўсіх на свеце», і так, «як я хачу», не захапляла мяне цалкам гэта пісанне. Усё неяк прыхапкам...
Кожны, хто піша, ведае той галоўны штуршок у жыцці, які зрабіў яго літаратарам. Для адных гэта была рэвалюцыя, грамадзянская вайна... Для мяне і многіх маіх аднагодкаў — Айчынная вайна і Дваццаты з'езд. Два штуршкі — два «эпіцэнтры». Без другога і аб вайне расказвалі б мы па-другому. Ці наогул не расказвалі б. Думаецца, што для тых, хто перажыў акупацыю, партызаншчыну, не было поўнай нечаканасцю выкрыццё «культу асобы» і звязаных з ім цяжкіх памылак. Аб многім думалася і гаварылася ў партызанах. Але гэта не перашкаджала людзям паміраць за тое, што яны хацелі б бачыць лепшым. Так, мы перажылі ў 1956 г. інтэлектуальную буру, але карэнні нашы ўжо акрэплі, умацаваліся ў час вайны, калі на ўсё жыццё адчуў, што, нягледзячы ні на што, ёсць на свеце рэчы, каштоўнасці, у імя якіх можна ахвяраваць усім.
У 1955 годзе я кінуўся ў крытыку, увесь, з усімі думкамі і эмоцыямі. I літаратурная крытыка, магу засведчыць, здольна стаць тваёй страсцю, але пакуль ты верыш, што гэта не «бура ў шклянцы вады», а сапраўды грамадская справа.
Чым больш я вучыў і павучаў як крытык іншых, тым больш палохаў мяне ўласны твор. Пiсаў ужо больш сістэмна і не аб лясных партызанах, а пра тое, як людзі робяцца партызанамі, як складана паварочваецца да іх усё, што ўчора здавалася вельмі простым... (Аб партызанах вырашыў напісаць потым, у другой кнізе.)
Аднойчы прыйшоў да мяне сябра: «Што ты там усё хаваеш?..» Бачу, хлопец добра п'яны, усё роўна заўтра забудзе. Прачытаў яму старонку, другую... З гэтага пачаў смялець і пасмялеў настолькі, што надрукаваў тое, што пісаў, і назваў гэта раманам.
Вось скончыў другі раман аб вайне і адчуваю, што цяпер змагу перайсці да таго пасляваеннага матэрыялу, што ўжо накапіўся і ўжо таксама мучыць. Аб чым ні пішаш, думаеш аб сённяшнiм — гэта абавязкова, як дыхаць. I тут ніякага прымусу не патрэбна. Уся справа ў тым, які матэрыял у табе «паспеў». Мне давялося пабываць у многіх краінах. Упэўнены, што некалі гэта спатрэбіцца, калі ўбачанае сапраўды стане «маім». А пакуль гэта не адбылося — не варта і брацца за пяро.
Як я разумею надзённае, сучаснае ў сучаснай літаратуры?
Гады два назад шасцігадовую дачку Наташу вельмі мучыла пытанне: «Нашто людзі паміраюць?» I такі сум, боль у вачанятах... Аднойчы прыйшла яна з кінатэатра, шчаслівая, свеціцца ўся:
— А я ведаю, чаму людзі паміраюць! Гэта, як у кіно: адны паглядзелі,— другім таксама трэба...
I супакоілася.
Наколькі мы, людзі 20-га стагоддзя, былі б спакайнейшымі, калі б пагроза не вісела і над гэтымі «другімі», якія могуць прыйсці або зусім не прыйсці заўтра... Гэта і ёсць галоўнае. Але паколькі існуе такое страшнае, жудаснае «галоўнае», няма цяпер у жыцці дробязей, асабліва ў нашым жыцці. Ад таго, наколькі прыцягальным для ўсяго свету будзе тое, што робіцца ў нас, у краінах сацыялізма, залежыць, як скора ўсе на зямлі выберуць адзіны шлях, што вядзе ў будучыню, а не да атамнага варварства. I таму пісьменнік павінен быць непрымірымым і нецярпімым да ўсяго, што здольна пляміць нас і наша жыццё.
Наўрад ці гэта аўтабіяграфія. Хутчэй — аўтарскае тлумачэнне да сваіх першых літаратурных крокаў.
26 верасня 1962 г.