Ул. Жылка
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў гарадское вучылішча ў Міры (1914) разам з бацькамі пераехаў у Мінск. Падчас 1-ай сусветнай вайны сям'я Жылак была ў бежанцах ў Тульскай губ. Вучыўся ў Багародзіцкай агранамічнай навучальні Тульскай губерні (1915-1917). З 1917 жыў у Мінску, друкаваўся ў мінскіх выданнях, працаваў аграномам у дзяржаўным маёнтку пад Мінскам (1918-1919). Восенню 1920 захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў в. Падлессе Навагрудскага пав. Пасля Рыжскага дагавора застаўся ў Заходняй Беларусі. Працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні. Хаваючыся ад пераследу рэжымам ген. Л. Жалігоўскага, выехаў у Коўна, затым у Дзвінск. Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, а ў лютым 1923 выехаў на вучобу ў Чэхаславакію, да 1926 жыў у Празе, па стыпендыі чэхаславацкага ўрада вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Карлава універсітэта. У Празе рэдагаваў часопіс «Новы прамень».
У 1926 прыехаў у Мінск на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу. Застаўся ў БССР. Працаваў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Звязда», выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме. Быў членам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». Займаўся перакладамі для Белдзяржкіно. 19.07.1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10.04.1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобл., дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры медыцынскім тэхнікуме. Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках. Хацеў быць пахаваным у Вільні, горадзе, які вельмі любіў. Рэабілітаваны ў 19.9.1960 Судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР.
Дэбютаваў з друку з вершамі 1920 ў заходнебеларускіх выданнях «Беларускія ведамасці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Новае жыццё». Аўтар паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зборнікаў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мінск, 1927), «Вершы» (Мінск, 1970), зборніка «Пожні» (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, Мінск, 1986).
Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.
wikipedia.org